Расія просіць кансультацыі з Беларуссю па абмежаванні экспарту кураціны
Птушкафабрыка / pexels.com
Расія запрасіла перамовы з Беларуссю пасля забароны на экспарт курынага мяса, паведамляе расійскае інфармагенцтва Sputnik. Яны запланаваныя на панядзелак, 7 жніўня.
Расійскія чыноўнікі кажуць, што не атрымлівалі з Беларусі афіцыйнае паведамленне пра забарону паставак і прычыны гэтай пастановы.
Пра тое, што Беларусь абмежавала экспарт курынага мяса ў шэраг краін, у тым ліку ў Расію, напісала расійскае выданне "Коммерсант", спасылаючыся на ўласныя крыніцы.
Абмежаванне ўведзенае з 1 жніўня. "Коммерсант" спасылаецца на наяўныя ў яго копіі лістоў дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча Беларусі. З іх вынікае, што дзеля насычэння ўнутранага рынку прыпыненая выдача сертыфікатаў на экспарт тушак куранят-бройлераў і іх частак. Пры гэтым пад абмежаванні не трапілі прадукцыя буйнога холдынгу "Сервалюкс Агра" (брэнд "Пятруха") і экспарт у Кітай.
Крыніцы расійскага выдання мяркуюць, што экспарт кураціны з Беларусі звязаны з меркаванай успышкай птушынага грыпу на некаторых птушкафабрыках краіны. Беларускі бок пра такія выпадкі традыцыйна не паведамляе.
Дарэчы, у беларускіх крамах апошнім часам сапраўды заўважаюцца праблемы з пастаўкамі кураціны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.