Беларус абвясціў галадоўку ў лагеры бежанцаў у Літве

Пакой у лагеры для бежанцаў у Пабрадзе

Пакой у лагеры для бежанцаў у Пабрадзе / mostmedia.io

У Літве абвясціў галадоўку беларус Руслан, піша "Зеркало". Мужчына чакае разгляду сваёй заяўкі на бежанства ў Літве і жыве ў Цэнтры рэгістрацыі замежных асоб у памежным горадзе Пабрадзе.

Прычынай галадоўкі наш суайчыннік назваў умовы ўтрымання і тое, што яго несправядліва абмяжоўваюць у перамяшчэнні. На ўмовы ў цэнтры ў Пабрадзе журналістам паскардзіліся яшчэ два беларусы.

Руслану 37 гадоў. У Літву ён прыехаў у красавіку 2023-га і адразу папрасіў прытулку. Мужчына кажа, што ў 2020-м разам з былой жонкай удзельнічаў у пратэстах. Беларусь ён, па яго словах, пакінуў пад ціскам супрацоўнікаў КДБ: яны, маўляў, "прыязджалі, білі, хацелі, каб супрацоўнічаў з імі". Праўда, пацверджанняў гэтага ён журналістам не даў.

Мужчына прызнаецца, што ў Літве ён неафіцыйна стаў падпрацоўваць у таксі пад чужым імем, не маючы дазволу на працу. Падчас адной з паездак заехаў у Латвію, трапіў у аварыю, адзін з пасажыраў атрымаў сур'ёзныя траўмы. "Сталі разбірацца — аказалася, гэта ўцекачы. Я не ведаў, што трэба было прасіць дакументы, а потым пускаць людзей у машыну. У выніку мяне там асудзілі за перавозку мігрантаў", — расказвае беларус.

Пакуль Руслан быў у зняволенні, у Літве спынілі разгляд яго заяўкі аб бежанстве. Тады мужчына вырашыў паспрабаваць шчасця ў Латвіі, каб не выслалі ў Беларусь. Аднак тамтэйшыя ўлады звязаліся з Літвой, і яна пагадзілася прыняць беларуса назад. У жніўні 2024-га разгляд яго заяўкі пачаўся па новай.

Па словах Руслана, суд вырашыў, што беларус можа зноў пакінуць краіну, і дазволіў яму выходзіць у горад толькі з дазволу начальніка цэнтра ў Пабрадзе. "Прычым па тэрыторыі свабодна хадзіць таксама не можам, у нас як у затрыманых ёсць толькі маленькі дворык нашага корпуса. Праз усё гэта я абвясціў галадоўку яшчэ на мінулым тыдні", — заяўляе мужчына.

Яшчэ два беларусы паскардзіліся журналістам, што ў цэнтры для ўцекачоў у Пабрадзе ім "не аказваецца ніякай медыцынскай дапамогі". Адзін з суразмоўцаў кажа, што 9 верасня яго адвезлі на прыём да лекара, але перад уваходам у лякарню пачалі абшукваць. Мужчына адмовіўся ад вошуку, таму яго вярнулі ў лагер, а прыём да лекара перанеслі.

Яшчэ адзін беларус, Пётр, наракае на якасць ежы і вады, а таксама скардзіцца, што не можа схадзіць да стаматолага. "Дапусцім, я не ем мяса, а ежа накладваецца з агульнага катла, з жывёльнымі тлушчамі. Ад такога харчавання пастаянна спіш. І вада з крана каламутная, яе не тое што піць — мыцца немагчыма", — тлумачыць ён.

Кіраўнік установы Аляксандрас Кісловас пацвердзіў, што ў цэнтры галадае беларус. Ён кажа, што мужчыну праз суд забаранілі пакідаць тэрыторыю цэнтра без дазволу. "Але магчымасць атрымаць дазвол існуе. Ёсць унутраны распарадак цэнтра, унутраныя правілы, якія пацверджаныя генералам Службы пагранічнай аховы. І там падрабязна апісваюцца ўсе дэталі: за колькі дзён павінна быць прадастаўлена прашэнне, якія фактары рызыкі ўлічваюцца", — канстатуе ён.

Кіраўнік цэнтра падкрэслівае, што ў абмежаваннях для беларуса выконваецца рашэнне суда. Паводле яго беларус афіцыйна абвясціў галадоўку на пачатку верасня, але ў пятніцу, 6 верасня, прымаў ежу. "Пісьмова ён ад галадоўкі не адмаўляўся і на сёння некалькі сутак зноў не прымае ежу. У дадзеным выпадку можам канстатаваць факт, што гэты чалавек працягвае галадоўку", — дадае Кісловас.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі