Беларусь без Мацкевіча — як чалавек без галавы: што кажуць пра філосафа вучні

Беларусь без Мацкевіча — як чалавек без галавы: што кажуць пра філосафа вучні

Вучні Уладзіміра Мацкевіча ставяць на аватары ў сацсетках партрэты філосафа і па-свойску называюць яго “ВВ” (ад рускага Владимир Владимирович).

Яны пагадзіліся расказаць Еўрарадыё пра свайго настаўніка. Пасля гэтага тэксту вы наўрад ці пачняце лепей разумець тую самую метадалогію — дысцыпліну, якой навучаў Мацкевіч. Але зможаце лепей зразумець яго самога.
 

Яна Марчук: “За яго бескампраміснасцю часта не чуюць зместу выказвання”

Калі Яна ўпершыню прыйшла на курс Мацкевіча ў “Лятучым універсітэце”, ён здаўся ёй вельмі строгім. Настолькі строгім, што дзяўчына баялася выказвацца пры ім, бо баялася сказаць глупства і гэтым раззлаваць Уладзіміра Уладзіміравіча.

Але калі Яна стала трапляць на нефармальныя пасяджэнні “Лятучага”, Уладзімір Уладзіміравіч, ці спадар Мацкевіч, ператварыўся ў ВВ. Там Яна пабачыла яго мяккім і нават крыху сціплым чалавекам. Як можна лепей разумець Мацкевіча, яна расказала Еўрарадыё.

А гаворачы пра асабістыя адчуванні ад навін, дадала простае: “Я моцна баюся за яго і перажываю”.

Беларусь без Мацкевіча — як чалавек без галавы: што кажуць пра філосафа вучні
Уладзімір Мацкевіч / Еўрарадыё

— За ягонай строгасцю і, як многім падаецца, бескампраміснасцю — а ён можа быць вельмі бесцырымонным, — на жаль, рэдка бачаць тое, што ён сваім выказваннем робіць.

Адно з галоўных, чаму я вучуся ў “Лятучым”, — гэта камунікацыя як інструмент супольнага дзеяння. Для таго каб супольнае дзеянне зрабілася магчымым, спачатку трэба зразумець, што і як рабіць. Для гэтага камунікацыя мусіць быць пабудаваная на пэўных правілах. Першае правіла патрабуе гаварыць толькі са сваёй уласнай пазіцыі — толькі пра тое, з чым ты сам маеш справу, пра што ведаеш з уласнай практыкі.

Трэба, каб у камунікацыі не з’яўлялася таго, чаго няма ў рэальнасці. Другое правіла — калі ты прамаўляеш, ты не проста выказваешся, а дадаеш нешта на так званую дошку мыслення, супольны экран, на які глядзяць усе ўдзельнікі камунікацыі і на якім пакрысе фармуецца супольнае больш поўнае разуменне аб’екта або працэсаў. Акрамя таго, увесь час трэба быць вельмі ўважлівым да словаў, якія ты ўжываеш. Нельга сыпаць паняткамі, не абдумаўшы, што яны азначаюць. Трэба імкнуцца называць рэчы сваімі імёнамі.

Калі ж падчас камунікацыі адбываецца нешта, што шкодзіць супольнаму разуменню і дзеянню, тады ВВ часта рэагуе рэзка. Ён чалавек справы, і большая частка ягоных публічных выказванняў — гэта паслядоўнае дзеянне.

Ён піша пасты, дае інтэрв’ю, прыходзіць на ток-шоу не дзеля таго, каб паказацца. Але дзеля таго, каб дадаць нешта (і зазвычай вельмі шмат чаго) да супольнага разумення аб’екта ці пэўнай тэмы і  прапанаваць лепшае — больш прадуманае — дзеянне для дасягнення нечага.

Яўген Клішэвіч: “Мяне заўсёды смяшыла, калі казалі: Мацкевіч, нашто столькі літар!”

Калі Яўген прыйшоў вучыцца ў “Лятучы ўніверсітэт”, заняткі яшчэ праходзілі ў невялічкім офісе на паркінгу. Такое спецыфічнае асяроддзе дадавала загадкавасці. Што гэтае месца — пункт канцэнтрацыі інтэлектуальнай эліты Беларусі, Яўген зразумеў адразу. Але каб зразумець курс Мацкевіча па сістэмным падыходзе, спатрэбілася значна больш часу.

Мацкевіч адразу папярэджваў вучняў: не разлічвайце, што атрыманыя веды спатрэбяцца вам у паўсядзённым жыцці, іх варта выкарыстоўваць толькі дзеля сур’ёзнай філасофскай ці сацыялагічнай працы. Але ж вучні, атрымаўшы веды ад Мацкевіча, карысталіся імі ўсюды. Нават пры стварэнні першага беларускага краўдфандынгу Яўгену спатрэбіліся атрыманыя ў “Лятучым” веды. І цяпер у прадпрымальніцкай дзейнасці ён імі карыстаецца.

Мацкевіч жартаваў, маўляў, я вас вучыў Беларусь з каленяў падымаць, а вы мой інструментар карыстаеце ў бізнесе.

— Каб зразумець тое, што хацеў сказаць сваім курсам спадар Мацкевіч, я хадзіў на яго разоў пяць. І таму заўсёды мяне смяшылі людзі, якія з прэтэнзіяй казалі яму: маўляў, ну, ты б прасцей выкладаў, нашто так шмат літар! Але ж тое, пра што кажа Мацкевіч, — гэта не посцікі ў інстаграме пісаць.

Метадалогія, якую ён развівае ў Беларусі, — гэта адзіны інструмент, з дапамогай якога можна працаваць з вялікімі сацыяльнымі аб’ектамі. Такая праца — гэта нетрывіяльная задача, нахрапам тут нічога не атрымаецца зрабіць. А многія лідары — як ранейшыя, так і цяперашнія — і тады не зразумелі, і зараз не разумеюць гэтага. Не разумеюць, як працаваць са складанымі гуманітарнымі аб’ектамі. Не разумеюць, што нельга адным малатком пабудаваць небаскроб.

Патэнцыялам метадалогіі, якую выкладаў Мацкевіч, мусяць карыстацца людзі, якія працуюць з вялікімі гуманітарнымі аб’ектамі. Для звычайнай бытавой дзейнасці метадалогія — гэта празмерна. І таму Мацкевіч на пачатку навучання казаў: калі вы прыйшлі сюды дзеля таго, каб атрымаць інструмент, якім зможаце карыстацца ў жыцці, — нічога не атрымаеце.

І з аднаго боку, гэта праўда. Але з іншага, атрымаўшы такі інструмент, цяжка ім не скарыстацца і ў паўсядзённасці. І як мог, я выкарыстоўваў веды ад Мацкевіча ў тым ліку пры развіцці краўдфандынгавай пляцоўкі “Талака”. Дзякуючы атрыманым у “Лятучым” ведам мы рабілі “Талаку” не як лакальны праект. Мы рабілі праект, які ўплывае на ўсю Беларусь.

Але, па сутнасці, праца Мацкевіча і была ў тым, каб памножыць колькасць людзей, якія хочуць развіваць Беларусь, думаць пра Беларусь, мысліць у катэгорыі Беларусі. І няважна, чым яны займаюцца па жыцці: прадпрымальніцтвам, экалогіяй ці медыцынай. Калі ты думаеш не лакальнымі катэгорыямі, калі ты думаеш у маштабе Беларусі, ты і ёсць той самы інтэлектуал, тая самая эліта нацыі. Бо эліта — гэта не тыя, каго выбіраюць, а тыя, хто сам бярэ на сябе адказнасць за краіну.

І цяпер Мацкевіч, маючы вельмі невялікі рэсурс, працягвае ўплываць на краіну, працягвае рабіць тое, што рабіў усе гады, — клапаціцца пра Беларусь. Быць інтэлектуалам — гэта вельмі адказная роля, і я сябе да інтэлектуалаў не адношу. Бо сапраўдным мысленнем у мяне занятыя толькі пяць-дзесяць адсоткаў часу.

Мацкевіч пра камунікацыю

Інтэлектуал — гэта не той, хто сядзіць сам з сабой і апісвае састарэлыя рэчы. Сучасны інтэлектуал — гэта чалавек, што знаходзіцца на лязе невядомага. Ён адказвае на пытанні пра тое, што адбываецца з краінай, са светам. І тая вялікая рызыка згубіць Мацкевіча, якую мы адчулі, — гэта рызыка вялікай страты для ўсёй Беларусі.

Гэта як ампутаваць чалавеку галаву. Мы атрымаем істоту з футурыстычнага фільма: хадзіць зможа, а вось нешта большае зрабіць для Беларусі будзе цяжка. Зразумела, што Мацкевіч не адзіны інтэлектуал, але, мне падаецца, адзін з найвыбітнейшых.

Спадар Мацкевіч — адзін з нешматлікіх людзей, якіх я магу назваць сваім настаўнікам з вялікай літары. Гэта чалавек, да якога я адчуваю безумоўную павагу. Ёсць людзі, якія пасля некалькіх размоваў успрымаюцца як кніга, якую ты прачытаў, — і хопіць. Большасць такіх “кніг” перачытваць не хочацца. А Мацкевіч — такая кніга, якую заўсёды хочацца чытаць далей, яго заўсёды хочацца паслухаць, спытаць, з ім хочацца паспрачацца.
 

Кірыл Мальцаў: "Мацкевіч мысліць сябе і сваю дзейнасць у катэгорыях "паклікання"

Напярэдадні нашай размовы Кірыл Мальцаў стварыў допіс у фэйсбуку, у якім расказаў пра галоўную навуку ад Мацкевіча.

Пра ўрокі Мацкевіча

У размове з Еўрарадыё Кірыл больш падрабязна расказаў пра ўрокі філосафа. Які для самога Мальцава да вядомай ступені яшчэ і рыцар — і гаворка не пра галадоўку.

— Мацкевіч нават у сваёй адукацыйнай практыцы нікога не вучыў і не імкнуўся гэтага рабіць. Любімая фраза Уладзіміра Уладзіміравіча на гэты конт гучыць так: "Лятучы ўніверсітэт не для студэнтаў".

У гэтай фразе ёсць устаноўка не на простую перадачу інфармацыі, досведу, непарушных ісцін па схеме "настаўнік — вучань", а на ўладкаванне месца для мыслення, месца, у якім ствараліся б новыя сэнсы, ідэі, канцэпцыі. І ў гэтую працу па меры сваіх сіл і жадання маглі б уключацца студэнты, вучні.

У гэтым сэнсе Мацкевіч як педагог больш падобны да рамеснага майстра: "Хочаш навучыцца таму, што раблю я, — станавіся побач і рабі як я". На практыцы гэта азначала таксама, што для разумення і ўключэння ў тое, што робіць Мацкевіч, патрабавалася ўнікаць у яго ўласныя падставы і лад жыцця. Разумець яго асабісты шлях, хрысціянскія каштоўнасці, карані меркаванняў, светапогляд. Пры гэтым такі падыход не нараджаў сляпога пераймання, а, наадварот, прымушаў рэфлексаваць уласныя ўстаноўкі, місійныя меркаванні.

Уладзімір заўсёды патрабаваў асэнсаванага гаварэння і дзеяння, дакладнага абазначэння сябе ў прасторы і часе. Хто ты? Навошта табе тое, што ты гаворыш ці робіш? Што дае табе права лічыць так, а не інакш?

Памятаю, як я ўпершыню прыйшоў на лекцыю да Мацкевіча. Ён тады задаў зале пытанне, якое кінула ўсіх у ступар: "Навошта вы сюды прыйшлі?" Тыя, хто добра знаёмы з ВВ, ведаюць, што гэта "класічнае" яго пытанне.

Беларусь без Мацкевіча — як чалавек без галавы: што кажуць пра філосафа вучні
Уладзімір Мацкевіч / Еўрарадыё

Не чакаючы банальных адказаў, ён растлумачыў, што ў жыцці метадалогія нікому з нас не спатрэбіцца. Што для таго, каб займацца метадалогіяй, трэба мець адпаведную па маштабах праблему і практыку. Наўрад ці хто-небудзь з прысутных такой валодаў. Гэта быў такі шокавы заклік высветліць уласную матывацыю і наладзіцца на сур'ёзную працу. А магчыма, і адсекчы тых, хто прыйшоў проста "паслухаць нешта цікавае".

Яшчэ адзін важны аспект "навучання ў Мацкевіча" — крытычнае мысленне. І крытычнае яно ў першую чаргу да самога сябе. Тут трэба разумець крытыку ў "кантаўскім" сэнсе. Гэта значыць, не проста ставіць пад сумненне ўсё, што кажаш, але і даследаваць, праблематызаваць, пазначаць і рабіць яўным для сябе і для астатніх падыходы, прадметныя ўяўленні, інструменты мыслення, нормы, якімі ты карыстаешся, калі робіш выказванні або здзяйсняеш дзеянні.

З гэтай нагоды сам Уладзімір у адной са сваіх фэйсбук-публікацый пісаў: "Мысленне пачынаецца з крытыкі падстаў уласных дзеянняў, уласнай пазіцыі. Без высвятлення і аднаўлення падстаў уласнай пазіцыі немагчыма ўдзельнічаць у разумнай камунікацыі з іншымі свабоднымі людзьмі. Такая камунікацыя ператвараецца ў базар з узаемнымі абвінавачаннямі, крыўдамі, пачуццямі, у якой нішто разумнае не мае шанцаў быць пачутым і прынятым".

Ну і апошняе, пра што б я хацеў расказаць і што найбольш уражвае мяне: Мацкевіч рэабілітаваў словы "гонар і годнасць". Іх лёгка, калі на тое, забыць, жывучы ў бесклапотным сучасным мірным грамадстве. Вядома, я гавару цяпер пра сітуацыю, якая папярэднічала падзеям жніўня 2020 года.

Ад публічных людзей нячаста можна было чуць апеляцыю да гэтых каштоўнасцяў — гонару і годнасці. Лідары меркаванняў часцяком гавораць пра рацыянальнасць, лагічнасць, эканамічную мэтазгоднасць, а такія "рыцарскія" паняцці не ўпісваюцца ў іх наратывы і меседжы. Але ў супрацьлегласць гэтаму Мацкевіч мысліць сябе і сваю дзейнасць у катэгорыях "паклікання".

І тут варта яшчэ раз згадаць, што Мацкевіч — пратэстант, для якога пакліканне — гэта не проста выбар занятку, які больш за ўсё падабаецца ці дастаўляе задавальненне. Гэта рэалізацыя прызначэння ў рэлігійным сэнсе — аддача доўгу сабе, грамадству і, вядома ж, Богу. І павіннасць тут — гэта пра ўнутранае адчуванне правільнасці таго, што робіш, устаноўка на дзеянне ў адпаведнасці са сваімі ідэаламі і каштоўнасцямі.

Пра гэта Мацкевіч звычайна расказваў, прыводзячы схему "трох кантаўскіх пытанняў" для самавызначэння: "Што я магу ведаць?", "Што я ПАВІНЕН рабіць?" і "На што я магу пры гэтым спадзявацца?". Ключавое пытанне другое — яно заклікае быць сумленным з самім сабой.

Мацкевіч адказваў на гэтыя пытанні ў патрэбнай паслядоўнасці. Упэўнены, што і сёння, трымаючы гэтую галадоўку, ён робіць тое, што лічыць для сябе належным, і наступствы галадоўкі ніяк не ўплываюць на яго рашучасць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі