Пасля аперацыі палітвязень Уладзімір Мацкевіч піша кнігу па філасофіі
Уладзімір Мацкевіч
Пасля аперацыі палітвязень Уладзімір Мацкевіч піша кнігу па філасофіі. "Шмат чытае, карыстаецца турэмнай бібліятэкай. Самае галоўнае, што вярнуўся да навуковай дзейнасці", — цытуе словы дасведчанай крыніцы Радыё Свабода.
Мацкевіча ўтрымліваюць у турме № 4 у Магілёве, куды ён трапіў па рашэнні суда Шклоўскага раёна пасля некалькіх тэрмінаў у ШІЗА і трох месяцаў у ПКТ шклоўскай калоніі. Яго стан здароўя пагоршыўся, і ў жніўні ў Рэспубліканскім турэмным шпіталі ў Калодзішчах палітвязню зрабілі паражнінную аперацыю.
У турме Уладзіміру Мацкевічу некалькі разоў мянялі камеру. Цяпер ён апынуўся ў малой камеры, "дзе рухацца складана". Прагулкі яму дазваляюць, а тэлефанаванні — не. За кратамі Мацкевіч неяк жартам казаў пра сябе: "Трэба навучыцца жыць раслінным жыццём".
Палітзняволенаму філосафу і метадолагу Уладзіміру Мацкевічу 67 гадоў. За кратамі ён са жніўня 2021 года. У чэрвені 2022-га ён быў асуджаны на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: у "абразе Лукашэнкі" (за відэазапіс на YouTube-канале), "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (удзел у вулічнай акцыі пратэсту 25 кастрычніка 2020 года) і "стварэнні і кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваннем" (так называюць платформу народных прадстаўнікоў "Сход"). За кратамі ў мінскім СІЗА № 1 філосаф 13 дзён трымаў галадоўку. Летась ён напісаў дзве кнігі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.