Уладзімір Мацкевіч спыніў галадоўку
Увечары 16 лютага 65-гадовы філосаф Уладзімір Мацкевіч спыніў галадоўку. Яна працягвалася 13 дзён, два з якіх вязень нават не піў ваду.
Заяву Мацкевіча пра спыненне галадоўкі апублікавалі праўладныя тг-каналы. Яна датаваная днём, калі 65-гадоваму філосафу стала дрэнна. Заява напісаная з памылкай у спалучэнні словаў, што таксама можа сведчыць пра яго стан.
Па словах жонкі, почырк заявы сапраўды належыць Мацкевічу. Яна мяркуе, што заява магла быць напісаная пасля допыту.
Адвакат пасля сустрэчы з палітвязнем перадаў ягоныя словы: "Учора я стаў адключацца. Сусед выклікаў лекараў, рабілі кропельніцу. Пасля працэдуры была сустрэча са следчым, з якой я зрабіў выснову, што справа зрушылася з мёртвай кропкі. Я спыніў галадоўку і вечарам каля 19:00 напісаў заяву. Спадзяюся, што аднаўляць не давядзецца".
Уладзімір Мацкевіч патрабаваў выпусціць яго пад падпіску аб нявыездзе, завяршыць расследаванне і прызначыць дату суда. За кратамі ён знаходзіцца з пачатку жніўня 2021 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.