Беларусь дамовілася з Расіяй, калі павысіцца тарыф на транспарціроўку нафты
Беларусь і Расія 6 жніўня дасягнулі пагаднення ў справе павышэння тарыфу на транспарціроўку нафты па беларускай тэрыторыі. Павышэнне з 1 верасня складзе 3,7%, інфармуе БЕЛТА. Адзначаецца, што гэтая лічба прынятая для "першага этапу", паколькі пакуль немагчыма вызначыць, якія будуць аб'ёмы транспарціроўкі нафты ў чацвёртым квартале 2019 года. Па выніках працы за год да пытання тарыфаў давядзецца вярнуцца зноў.
У "Белнафтахіме" нагадваюць, што з ініцыятывай пазапланавага перагляду тарыфу выступіла "Гомельтранснафта Дружба". Беларускі аператар трубаправода "Дружба" спасылаўся на зніжэнне аб'ёмаў транзіту расійскай нафты ў другім квартале 2019 года (з-за забруджанай нафты, якую давялося адпампоўваць). Падчас беларуска-расійскіх перамоваў удалося дамовіцца аб забеспячэнні "Гомельтранснафце Дружбе" запланаванай на бягучы год выручкі.