Беларусь не хоча аддаваць грошы за праекты з ЕС, спыненыя праз вайну ва Украіне
Беларусь не хоча аддаваць грошы, атрыманыя па праектах ЕС
Еўракамісія патрабуе ад афіцыйнага Мінска вярнуць грошы, вылучаныя на праекты праграм трансгранічнага супрацоўніцтва. Беларусь была выключаная з гэтых праектаў за падтрымку расійскай ваеннай агрэсіі.
Аднак у МЗС напісалі інструкцыю, як не вяртаць гэтыя грошы. Адпаведны дакумент быў разасланы па 22 міністэрствах і арганізацыях. Пра гэта сайту "Зеркало" расказала крыніца ў адным з міністэрстваў, якія атрымалі такі дакумент.
Ліст пад назвай "Аб ігнараванні патрабаванняў аб вяртанні грантавых сродкаў" датаваны 25 жніўня. У ім згадваецца, што 4 сакавіка 2022 года Еўракамісія выключыла Беларусь з праектаў трансгранічнага супрацоўніцтва з Польшчай і Украінай, Літвой і Латвіяй. Сёлета ў ліпені стала вядома, што праекты дапрацоўваюцца толькі ў краінах ЕС, а Еўракамісія ініцыюе вяртанне грошай.
У беларускім МЗС кажуць, што еўрапейскі бок не патлумачыў, як завяршыць пачатыя праекты, а не даў тлумачэнняў наконт "асваення рэсурсаў ЕС, якія паступілі на рахункі беларускіх партнёраў". Таму, маўляў, у Беларусі гэтыя праекты працягвалі рэалізоўваць, а сродкі, верагодна, — асвойваць.
Патрабаванні еўрапейскага боку МЗС у лісце беларускім ведамствам называюцца палітызаванымі, неабгрунтаванымі і прынятымі ў парушэнне двухбаковых дамоўленасцяў. Сцвярджаецца, што еўрапейскія арганізацыі патрабуюць вярнуць не нявыкарыстаныя сродкі, а кампенсаваць поўны аб'ём матэрыяльнай дапамогі па згаданых праектах.
Паведамляюцца падрабязнасці і па некаторых сумах. Напрыклад, у лісце гаворыцца: "Таксама неабходна браць пад увагу, што на рахунках беларускіх юрыдычных асоб знаходзіцца толькі каля 627 тысяч еўра нявыкарыстаных грантавых сродкаў па праграмах "Польшча — Беларусь — Украіна" і "Латвія — Літва — Беларусь" на 2014-2020 гады, у той час як кампенсацыі з боку ЕС падлягаюць больш за 2 млн 332 тысячы еўра, укладзеных па дамоўленасці беларускімі выканаўцамі".
Запыты польскіх і літоўскіх органаў наконт вяртання грошай ЕС рэкамендуецца пакідаць без адказу ці вяртаць з фармулёўкай "вяртаецца без разгляду, патрабаванне аб вяртанні сродкаў не адпавядае дамоным абавязацельствам Беларусі і ЕС".
Ліст падпісаў намеснік міністра замежных спраў Ігар Назарук. Падкрэсліваецца, што гэтае рашэнне ўхваліў урад краіны, а Мінфіну даручылі закрыць разліковыя рахункі, адкрытыя для рэалізацыі гэтых праграм.
Раней паведамлялася, што ЕС вылучыў для ўсіх краін, якія ўдзельнічаюц у згаданых праектах 280 мільёнаў еўра. 20 мільёнаў з іх прызначаліся на рэалізацыю ў Беларусі праектаў па развіцці прыгранічнай інфраструктуры, у тым ліку мадэрнізацыю памежных пунктаў пропуску, удасканаленне тэхнічных сістэм аховы мяжы і рэканструкцыю пад'язных шляхоў.
З 2016 года штогадовая дапамога ЕС для Беларусі складала 28-30 мільёнаў еўра. Частка гэтых грошай ішла на ўладкаванне дзяржаўнай мяжы, мадэрнізацыю памежнай і мытнай інфраструктуры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.