"Беларусь не ў прыярытэце": эксперты — пра вынікі сустрэчы Байдэна і Пуціна
Сустрэча Байдэна і Пуціна ў Жэневе / Reuters
Палітычныя аглядальнікі разышліся ў меркаванні пра тое, як Пуцін і Байдэн абмяркоўвалі сітуацыю ў Беларусі, і пра значэнне гэтага абмеркавання. Адны лічаць, што ўжо тое, што беларускі крызіс закранулі на такім высокім узроўні, азначае, што ён знаходзіцца ў топе сусветных тэм. Другія паказваюць, што тэма калі і абмяркоўвалася, то мімаходзь і толькі для абазначэння пазіцый бакоў.
Не дадалі яснасці і самі палітыкі. Байдэн на брыфінгу пасля перамоў абмежаваўся расплывістымі фразамі, якія цяпер усе інтэрпрэтуюць хто як папала. А Пуцін і зусім не сказаў пра Беларусь ні слова. Хоць на наступны дзень яго прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў заявіў:
"Беларусь не адносіцца да ліку прыярытэтаў, якія стаялі на парадку дня. А тэма Беларусі сапраўды была агучана амерыканскім бокам, агучана была ва ўсім добра вядомым ключы. Ёсць і праблематыка самалёта [Ryanair, пасаджанага ў Мінску]. Было канстатавана, што гэта тое самае месца, дзе, напэўна, наўрад ці трэба спрабаваць зблізіць пазіцыі — гэта немагчыма".
Еўрарадыё сабрала асноўныя выказванні беларускіх і міжнародных аглядальнікаў.
"Добра, што Беларусь стаіць на парадку дня"
Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай, лічыць, што абмеркаванне Беларусі на такім узроўні азначае, што беларускі крызіс выйшаў далёка за межы Беларусі.
"Гэта стала праблемай, і гэта абмяркоўваюць кіраўнікі супердзяржаваў. Паколькі фармат і канцэпт сустрэчы не дазвалялі прымаць нейкія рашэнні і выпрацаваць дарожныя карты, тут мы бачым абазначэнне пазіцый. За гэтай сустрэчай будуць наступныя.
Для беларусаў вельмі важна, што Байдэн агучыў пазіцыю менавіта дэмакратычных сілаў. Мы працягваем камунікаваць са Штатамі, рыхтуем туды візіт Святланы Ціханоўскай. Думаю, што ўжо цягам найбліжэйшых тыдняў мы ўбачым дзеянні Вашынгтона адносна Лукашэнкі. Ранейшыя санкцыі — гэта толькі пачатак. Думаю, што менавіта гэта Байдэн мог абазначыць Пуціну".
"Тое, што Пуціну дастаткова захацець і ён скіне Лукашэнку, — гэта міф"
Палітолаг Валерый Карбалевіч мяркуе, што тэма Беларусі далёка не ў прыярытэце ў ЗША і Расіі, таму што ў бакоў і без гэтага хапае тэм для абмеркавання. А гіпотэзу, што ЗША не будзе пярэчыць кантролю Расіі над Беларуссю пры ўмове, што "Пуцін вырашыць праблему Лукашэнкі", ён лічыць прыгожай, але абстрактнай і маларэальнай:
"Ці здольны быў бы Пуцін у прынцыпе вырашыць "беларускае пытанне", нават калі б ён пра гэта дамовіўся з Байдэнам? Той кароткі перыяд (жнівень — верасень 2020 года), калі расійскі прэзідэнт сапраўды мог паспрыяць сыходу Лукашэнкі, даўно прайшоў. Тое, што Пуціну нібыта дастаткова захацець і ён скіне Лукашэнку, — гэта міф, які распаўсюджваецца расійскімі экспертамі. Насамрэч крамлёўскі кіраўнік не змог абараніць газпромаўскі банк на тэрыторыі Беларусі ад рэйдарскага захопу, не мог дамагчыся вызвалення вагнераўцаў, пакуль не змянілася сітуацыя. Цяпер не можа выдрапаць з беларускай турмы расійскую грамадзянку Соф’ю Сапегу, затрыманую разам з Раманам Пратасевічам.
Адзінае, што магло адбыцца па беларускім кейсе падчас саміту ў Жэневе, — гэта абмен думкамі, пазіцыямі, магчыма, перасцярогамі. Таму, мяркую, вялікія надзеі адных, як і вялікія перасцярогі другіх, — дарэмныя".
"Беларуская тэма прагучала ў Жэневе — гэта вялікі мінус для рэжыму"
"Ніякіх дамоўленасцяў наконт Беларусі дасягнута не было і наўрад ці ў Жэневе іх спрабавалі шукаць", — дзеліцца меркаваннем журналіст Ігар Ільяш і лічыць, што сустрэча Пуціна і Байдэна павінна была не вельмі спадабацца Лукашэнку:
"Ужо сам факт таго, што беларуская тэма прагучала ў Жэневе, — гэта вялікі мінус для рэжыму. Але рэч тут не столькі ў рэальных палітычных наступствах для афіцыйнага Мінска, колькі ў тым, як гэтая сітуацыя будзе ўспрымацца самім Лукашэнкам. Выглядае на тое, што далейшы лёс Лукашэнкі не быў уключаны Пуціным у пералік нейкіх "чырвоных ліній". Пуцін пакідае дзверцы ў беларускім пытанні прачыненымі — прынамсі, так гэта цяпер выглядае збоку".
"Абодва бакі пакідаюць сабе магчымасць лавіраваць"
Аналітык Пётр Кузняцоў разважае не столькі пра сустрэчу Пуціна і Байдэна, колькі пра спробы далейшых тлумачэнняў з боку прэс-сакратара Пуціна Дзмітрыя Пяскова. Кузняцоў мяркуе, што словы пра "немагчымасць збліжэння" пазіцый ЗША і Расіі датычацца толькі сітуацыі з рэйсам Ryanair. А ў цэлым Крэмль пакідае прастору для манеўру:
"Паколькі Крэмль па сутнасці пытання нічога не кажа, засталося толькі адштурхоўвацца ад тых некалькіх слоў, якія сказаў Байдэн. Яны, нагадаю, таксама вельмі расплывістыя і пакідаюць максімальную прастору для манеўру як для амерыканцаў, так і для рускіх: "Не не пагадзіўся, спытаў, што мы можам зрабіць".
Калі абодва бакі пакідаюць сабе магчымасць лавіраваць, гэта гаворыць толькі пра тое, што пытанне ў стадыі абмеркавання і рашэння і ўсе хочуць, так ці інакш, яго вырашыць. З максімальнай выгадай для сябе".
The New York Times: сустрэча ў Жэневе дала Байдэну магчымасць паказаць, што ён супрацьстаіць расійскаму прэзідэнту
Карэспандэнт The New York Times у Белым доме Майкл Д. Шыр мяркуе, што адміністрацыя Байдэна ўбачыла сустрэчу з Пуціным як магчымасць аспрэчыць стаўленне расійскага лідара да Навальнага і падтрымку Пуціным рэжыму ў Беларусі. Але асноўная оптыка амерыканскіх журналістаў — параўнанне Байдэна і Трампа.
"З моманту ўступлення на пасаду спадара Байдэна крытыкавалі за тое, што ён не заняў больш жорсткую пазіцыю па правах чалавека. Некаторыя крытыкі кажуць, што ён недастаткова рашуча адрэагаваў на атручэнне Аляксея Навальнага, дысідэнта і крытыка Пуціна.
Сустрэча ў Жэневе дала Байдэну магчымасць выразна правесці кантраст і паказаць, што ён супрацьстаіць расійскаму прэзідэнту, чаго не рабіў ягоны папярэднік".
Washington post: сустрэчы на найвышэйшым узроўні з Пуціным заўсёды былі складаныя
Прафесар міжнароднай палітыкі ў Школе права і дыпламатыі Флэтчэра ва Універсітэце Тафтса Дэніэл В. Дрэзнэр у тэксце для Washington post ацэньвае перамовы Пуціна і Байдэна як складаныя, але выніковыя:
"Сустрэча на найвышэйшым узроўні з Пуціным заўсёды была складанай, і беспарадак у Беларусі зрабіў гэту сустрэчу яшчэ больш напружанай. Аднак трансатлантычныя адносіны таксама мелі патрэбу ў азеляненні.
Што да саміту з Пуціным, то, здаецца, ён прайшоў так добра, як і варта было чакаць. На прэс-канферэнцыях пасля саміту Пуцін і Байдэн дамовіліся пра тое, каб сустрэчы былі прагматычныя, канструктыўныя і свабодныя ад асабістай непрыязнасці. Улічваючы бягучы заняпад двухбаковых адносін, такі зыход можна лічыць выйгрышам. Вяртанне амбасадараў і наладжванне двухбаковага дыялогу пра стратэгічную стабільнасць дае пэўныя надзеі на тое, што адносіны далей не будуць пагаршацца".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.