Беларусь — толькі 89-я ў сусветным рэйтынгу дабрабыту Prosperity Index

Беларусь — толькі 89-я ў сусветным рэйтынгу дабрабыту Prosperity Index

Даследчая арганізацыя The Legatum Institute апублікавала абноўлены рэйтынг краін свету Prosperity Index 2018. Беларусь займае ў ім толькі 89 месца. Па суседстве з нашай краінай — Балівія, Арменія, Непал і Іарданія.

Аўтары даследавання адзначаюць, што за апошнія 12 гадоў Беларусь паднялася ў рэйтынгу… на тры пазіцыі. Рэйтынг нашай краіны вагаўся: напрыклад, летась мы былі на шэсць пазіцый ніжэй.

Беларусь — толькі 89-я ў сусветным рэйтынгу дабрабыту Prosperity Index
Месца Беларусі ў рэйтынгах. Чым лепш пазіцыя — тым правей знаходзіцца краіна

Агульная пазіцыя кожнай краіны ў Prosperity Index складаецца з ацэнак па дзевяці паказчыках: якасць эканомікі, умовы для бізнесу, улада (эфектыўнасць кіравання, дэмакратычнасць і вяршэнства законаў), адукацыя, ахова здароўя, бяспека, персанальная свабода (у тым ліку правы чалавека), сацыяльны капітал (сувязі паміж людзьмі ды іх грамадскае раздзяленне) і навакольнае асяроддзе.

Найлепшыя паказчыкі Беларусь мае ў эканоміцы і адукацыі, а найгоршыя — у галіне персанальнай свабоды. Самы вялікі прагрэс за 12 гадоў мы прадэманстравалі ў сферы навакольнага асяроддзя — тут у нас рост на 37 пазіцый!

Беларусь — толькі 89-я ў сусветным рэйтынгу дабрабыту Prosperity Index
Пазіцыі Беларусі ў лічбах

А што ж тычыцца асобных паказчыкаў? Давайце паглядзім!

Эканамічныя ўмовы — 40-е месца. Па-суседстве знаходзяцца Польшча (38), Непал (39), Чылі (41) і Камбоджа (42).

Умовы для бізнесу — 90-я пазіцыя. Непасрэдныя суседзі — Камерун (88), Арменія (89), Дамініканская Рэспубліка (91) і Парагвай (92).

Улада — 131-е месца: адзін з найгоршых паказчыкаў у свеце і самы нізкі ў Еўропе. Ніжэй за Беларусь — Зімбабвэ (132), Ірак (138), Афганістан (143), Венесуэла (149).

Адукацыя — 45-е месца. Тут спіс суседзяў беларускай дзяржавы ўжо значна лепшы: Партугалія (42), Кітай (44), Кіпр (46), Арменія (48).

Ахова здароўя — 75-я пазіцыя. Цікава, што прыкладна на такім жа ўзроўні знаходзіцца медыцына Бразіліі (73) і Таджыкістана (74), а таксама Балгарыі (76) і Латвіі (77).

Бяспека — 51-я краіна свету. Так жа бяспечна, як і ў Беларусі, вы можаце
сябе адчуць у Інданезіі (49), Кітаі (50), Уругваі (52) і Ізраілі (53).

Свабода — 136-е месца са 149 і адзін з найгоршых паказчыкаў у свеце. Ніжэй за Беларусь з усіх еўрапейскіх краін знаходзіцца толькі Расія — 143-я пазіцыя. Кітай, у якім існуе ідэнтыфікацыя інтэрнэт-карыстальнікаў і персанальны рэйтынг грамадзян, паказвае крыху вышэйшы вынік, заняўшы 133-е месца. А замыкае спіс Егіпет (149).

Сацыяльны капітал — 125-я пазіцыя і суседства з Нігерам (123), Грузіяй (124), Албаніяй (126) і Конга.

Навакольнае асяроддзе — тут беларусы з’яўляюцца 56-мі ў свеце. Параўнаць нашу краіну можна са Шры-Ланкай (54), Уругваем (58) і Кіпрам (60).

Калі ж паглядзець на найбліжэйшыя да Беларусі Украіну і Расію, то атрымаецца вось такі графік. Складальнікі Prosperity Index 2018 сцвярджаюць, што мы абыходзім геаграфічных суседзяў у галінах бяспекі, экалогіі ды якасці эканомікі. А вось з усім астатнім справы горшыя:

 

Беларусь — толькі 89-я ў сусветным рэйтынгу дабрабыту Prosperity Index
Параўнанне Беларусі, Расіі і Ўкраіны. Блакітны колер — Беларусь, зялёны — Украіны, аранжавы — Расія.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі