У рэйтынгу свабоды слова Беларусь апынулася чацвёртай з канца
Свабода слова, ілюстрацыйнае фота
У рэйтынгу свабоды слова Беларусь заняла 158-е месца з 161 краіны. Гэты штогадовы рэйтынг склала міжнародная праваабарончая арганізацыя Article 19.
У дакладзе арганізацыі адзначаецца, што 53% жыхароў планеты не могуць свабодна выказваць сваё меркаванне. За ўсе мінулыя гады ХХІ стагоддзя гэта найгоршы паказчык. Летасць ён складаў 34% насельніцтва Зямлі.
Беларусь, дзе нават падабайка ў сацсетках можа стаць нагодай для арышту, займае адно з апошніх месцаў у рэйтынг. За ёй ідуць толькі Нікарагуа, Эрытрэя і КНДР.
Больш свабоды слова, чым беларусы, маюць нават жыхары Кітая (156-е месца), Сірыі (154-е) ці Ірана (149-е).
Першае месца ў рэйтынгу займае Данія. У пяцёрку лідараў таксама ўваходзяць Швейцарыя, Швецыя, Бельгія і Эстонія.
Сярод суседніх з Беларуссю краін найвышэйшую пазіцыю ў спісе мае Латвія — 19, Літва — на 31-м месцы, Польшча — на 69-м, Украіна — на 99-м, Расія — на 148-м месцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.