Беларусь увядзе "бязвіз" на час чэмпіянату свету па хакеі 2021 года
Для ўдзельнікаў і гасцей чэмпіянату свету па хакеі 2021 года. які пройдзе ў Мінску, у Беларусі будзе дзейнічаць бязвізавы рэжым. Адпаведны ўказ №19 "Аб падрыхтоўцы і правядзенні чэмпіянату свету па хакеі з шайбай" падпісаў сёння Аляксандр Лукашэнка, перадае БЕЛТА.
Паведамляецца, што дакумент распрацаваны з улікам досведу правядзення II Еўрапейскіх гульняў і лёгкаатлетычнага матчу Еўропа — ЗША, якія адбыліся ў 2019 годзе ў Мінску.
Бязвізавым рэжымам для ўезду ў Беларусь змогуць скарыстацца ўдзельнікі, арганізатары спаборніцтваў і замежныя турысты. Таксама ва ўказе прадугледжаныя бясплатны праезд у грамадскім транспарце для акрэдытаваных асоб і вызваленне ад платы за праезд па платных аўтамабільных дарогах. У дакуменце ўрэгуляваныя пытанні медабслугоўвання ўдзельнікаў і гасцей спаборніцтваў, выкарыстання дзяржаўнай маёмасці, размяшчэння сацыяльнай рэкламы.
Чэмпіянат свету па хакеі пройдзе ў 2021 годзе ў Беларусі і Латвіі.
Дарэчы, на час чэмпіянату свету па хакеі, які праходзіў у Мінску ў 2014 годзе, таксама быў уведзены бязвізавы рэжым.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.