У Ісламабадзе, куды прыляцеў Лукашэнка, адбываюцца сутыкненні, ёсць ахвяры
У Ісламабадзе перакрытыя галоўныя вуліцы — на іх пабудавалі барыкады з марскіх грузавых кантэйнераў
У Ісламабадзе, куды прыляцеў Аляксандр Лукашэнка, адбываюцца сутыкненні, ёсць ахвяры. Як паведамляе "Бі-Бі-Сі", пратэстоўцы патрабуюць вызвалення з турмы былога прэм'ер-міністра Імрана Хана. Сутыкненні адбыліся на цэнтральнай плошчы сталіцы Пакістана. Паліцыя выкарыстала для разгону людзей слёзацечны газ і гумовыя кулі.
Улады сцвярджаюць, што падчас сутыкненняў загінулі чатыры салдаты і ўскладаюць адказнасць за гэта на пратэстоўцаў. У Ісламабадзе перакрытыя галоўныя вуліцы — на іх пабудавалі барыкады з марскіх грузавых кантэйнераў. З усёй краіны ў сталіцу сцягнулі вайскоўцаў і паліцыянтаў.
Раней у Пакістане забаранілі любыя вулічныя акцыі. У Ісламабадзе адмянілі заняткі ў школах. У горадзе "практычна не працуе інтэрнэт".
72-гадовы Імран Хан знаходзіцца за кратамі больш за год. Яго асудзілі па абвінавачванні ў карупцыі і разгалошванні дзяржаўнай таямніцы (асуджаная і яго жонка). Сам жа былы прэм'ер неаднаразова заяўляў, што справы сфабрыкаваныя, а яго пазбавілі волі за палітычную дзейнасць (ад улады яго адхілілі вясной 2022-га). Днямі ён звяртаўся да сваіх прыхільнікаў і заклікаў арганізаваць вулічныя акцыі пратэсту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.