Беларусь вырашыла здзівіць кітайцаў чыстым паветрам і гарбатай (фота)

Эканом-варыянт беларускай экспазіцыя на выставе ў Шанхаі абыйшоўся ў 2 мільёны долараў, а спонсарамі сярод іншых выступілі кітайскія кампаніі Huawei і ZTE.
Міжнародная выстава “Экспа-2010” адкрылася 1 траўня ў Шанхаі. Каля 190 краін з усяго свету будуць дэманстраваць на выставе свае дасягненні ў розных сферах. Уласную нацыянальную экспазіцыю мае ў Шанхаі і Беларусь. Наступныя паўгода наша краіна будзе хваліцца на “Экспа-2010” чыстым паветрам і чыстай вадой, даведалася Еўрарадыё ад загадчыка Аддзела выставаў і кірмашоў Міністэрства гандлю Віталя Свірскага.

Віталь Свірскі: “Гэта скарбы Беларусі, тое, чым мы валодаем. Таму ў цэнтра нашага павільёна знаходзіцца збудаванне, якое нагадвае возера. У ім адлюстроўваюцца найбольш вядомыя архітэктурныя помнікі Беларусі. Дзякуючы пульсацыі светлавых хваляў дасягаецца адчуванне кропляў вады, якія расцякаюцца”.

Сёлетняя выстава праходзіць пад лозунгам “Лепшы горад. Лепшае жыццё”, таму гарадская тэматыка займае адно з галоўных месцаў беларускай экспазіцыі. Звонку наш нацыянальны павільён упрыгожаны вялікімі каляровымі выявамі гарадскіх забудоваў. 
Беларускі павільён на Экспа-2010
А вось на самім павільёне арганізатары вырашылі зэканоміць, распавёў Еўрарадыё Віталь Свірскі.

Віталь Свірскі: “Гэты павільён не будаваўся беларусамі. Гэта тыпавы павільён, які будавалі кітайцы для ўдзельнікаў выставы. То бок многія краіны, якія не маглі дазволіць сабе будаўніцтва уласнага павільёна, арэндавалі такія тыпавыя павільёны. Натуральна, каб ён не быў шэры звонку і шэры ўнутры, было прынята рашэнне прыцягнуць масткоў, дызайнераў, каб гэты павільён звяртаў на сябе ўвагу”.

Не забаўляцца з архітэктурнымі вынаходніцтвамі вырашылі сёлета і Ўкраіна. Яе павільён таксама мае звычайную прастакутную форму. Аднак ідэя афармлення – зусім іншая. Украінцы ў Шанхаі хочуць звярнуць увагу на блізкасць сваёй старажытнай культуры да кітайскай цывілізацыі Яншао. Ва ўкраінскім павільёне выступяць таксама фальклорныя калектывы, а яшчэ можна будзе пакаштаваць нацыянальную ежу. 

Украінскі павільён на Экспа-2010

Танцавальныя і харавыя нумары пакажуць на “Экспа-2010” і беларусы, а вось нашых нацыянальных страваў на экспазіцыі не знойдзеш. За тое – будзе травяная гарбата, паабяцаў Віталь Свірскі.

Віталь Свірскі: “Я разумею, што Кітай здзівіць гарбатай немагчыма, але туды павезлі беларускую гарбату, зробленую з зёлак, каб можна было гасцям прапанаваць. На жаль, мы вырашылі адмовіцца ад нацыянальных страў, таму што побач знаходзіцца вялізны рэстаран, дзе прадстаўлена кухня многіх народаў”.

Да народных матываў звярнуліся і аўтары польскага павільёна на шанхайскай выставе. Маладыя архітэктары выбралі добра вядомую ўсім беларусам выцінанку. Іх павільён уяўляе сабой забудову з нахільнымі плоскасцямі, у якіх лазерам выразалі ўзоры. Такая цікавая канструкцыя прыцягвае шмат наведвальнікаў, таму польскі павільён – адзін з самых папулярных. Каб трапіць у сярэдзіну некаторым прыходзіцца стаяць у чарзе па 4 гадзіны.

Польскі павільён на Экспа-2010
Па словах Віталя Свірскага, ахвотнікаў наведаць беларускі павільён таксама шмат, праўда, гадзінамі стаяць перад уваходам не трэба.

Віталь Свірскі: “Не думаю, што гэта займае гадзіны, паўдня, як у выпадку вялікіх павільёнаў – ЗША, Японіі, Канады. Але таксама доўгі час”.

Мае ўласны асобны павільён і Еўрасаюз. Упершыню ён удзельнічае ў сусветнай выставе, якая адбываецца не ў Еўропе. Лозунг Еўрасупольнасці – “Інтэлігентная Еўропа”, а дасягненні, якімі хваліцца ЕС, гэта, напрыклад, праграма абмену моладзі Эразмус ці агульная валюта. Адным са спонсараў еўрапейскага павільёна з’яўляецца прэзідэнт УЕФА Мішэль Плаціні. Таму ў рамках забаўляльнай праграмы, на Экспа-2010 адбудзецца футбольны матч з яго удзелам. 

А вось спонсары беларускага павільёна – гэта ў асноўным банкі, а таксама кампаніі Белтэлекам, Трайпл, Белтрансгаз ды іншыя. Згадзіліся дапамагчы і дзве кітайскія кампаніі – Huawei і ZTE. Праўда большасць выдаткаў на выставу паходзіць з бюджэту, даведалася Еўрарадыё ў Мінгандлю. На нацыянальны павільён ужо пайшло 2 мільёны долараў. Аднак канчатковая сума будзе больш, таму што наперадзе яшчэ 6 месяцаў працы Экспа ды беларускі дзень у Шанхаі 11 кастрычніка. 

А вось цалкам уся выстава каштавала кітайскім арганізатарам 58 мільярдаў долараў, нават больш чым леташняя Алімпіяда ў Пекіне.

Павільёны некаторых краінаў:
Павільён Расіі ўяўляе забудову з 12 вежаў


Павільён Латвіі прыгожа свеціцца ўначы, як бачна на праекце

Павільён Эстоніі на Экспа-2010

Унутры нямецкага павільёна усталяваны гіганцкі шар, які рэагуе на хлапкі наведвальнікаў

А павільён Ізраілю меў нагадваць дзве счэпленыя ў замок рукі

Павільён Аўстраліі

Павільён Саудаўскай Аравіі
Фота: sergeydolya.livejournal.com, www.coroflot.comwww.expo2010.com.pl

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі