Беларусь забараніла ўвозіць свініну з Маскоўскай і Валгаградскай абласцей
Таксама часова абмяжоўваюцца пастаўкі свініны з Белгарадскай вобласці. Гэта звязана з распаўсюджаннем там афрыканскай чумы свінняў.
Забарона распаўсюджваецца на ўвоз жывых свінняў, свініны (у тым ліку мяса дзікоў), прадуктаў перапрацоўкі, шчаціння, паляўнічых трафеяў, кармоў і іншай прадукцыі, а таксама на абсталяванне для ўтрымання, убоя і разроблівання свінняў з гэтых рэгіёнаў. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні на сайце дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча.
Па інфармацыі “Рассельгаснагляду”, новыя выбухі афрыканскай чумы свінняў (АЧС) выяўленыя на тэрыторыі Белгарадскай, Валгаградскай і Маскоўскай абласцей. Пры гэтым адзначаецца, што ў Белгарадскай вобласці сканцэнтравана каля 20% усяго расійскага пагалоўя свінняў.
У Беларусі АЧС выяўлена ў Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці і ў Віцебскім раёне, нагадвае БелаПАН.