Беларусь зноў падымае пытанне пра адзіны газавы рынак з Расіяй
Беларусь зноў падымае пытанне пра адзіны газавы рынак з Расіяй. Пра гэта ў інтэрв'ю "Российской газете" заявіў беларускі пасол у РФ Уладзімір Сямашка.
"Труба газавая ідзе і па Расіі, і па Беларусі, уся інфраструктура створана, таму тут адразу бачыцца адзіны рынак, — кажа Сямашка. — Мы спадзяемся, што ён запрацуе 1 студзеня 2022 года".
Паводле слоў Уладзіміра Сямашкі, ад адзінага рынку выйгралі б і Беларусь, і Расія.
Заява пасла з'явілася неўзабаве пасля яго выказванняў таму ж расійскаму выданню, што дарожныя карты па інтэграцыі могуць узгадніць да канца красавіка 2021 года. Улады Беларусі і раней выказваліся за адзіны газавы рынак з РФ (той жа Сямашка гаварыў пра яго ў верасні 2020-га), але ў Маскве такую ідэю не падтрымлівалі. Зусім магчыма, што не падтрымаюць і на гэты раз. Узнікае пытанне, ці не паўплывае газавае пытанне на падпісанне дарожных картаў па інтэграцыі?
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.