Беларусаў у Варшаве затрымалі ў кватэры, поўнай наркотыкаў

Рэчывы, якія знайшлі ў кватэры беларусаў

Рэчывы, якія знайшлі ў кватэры беларусаў / praga-polnoc.policja.gov.pl

У Варшаве паліцыя затрымала чатырох беларусаў у веку ад 23 да 29 гадоў. У кватэры, дзе яны былі, знайшлі шмат наркотыкаў, паведамляе прэс-служба паліцыі.

Здарэнне адбылося ў ноч з панядзелка на аўторак. Паліцыю выклікалі ў адзін з дамоў на вуліцы Панарскай, дзе ўначы моцна шумелі. Тэлефанаваў супрацоўнік аховы, які спрабаваў, але не здолеў уціхамірыць жыхароў. Патруль выявіў, што ў памяшканні адбывалася вечарынка.  У кватэры былі чацвёра мужчын, паліцыянты праверылі іх даныя. Падчас праверкі яны заўважылі кантэйнер для ежы з незвычайным змесцівам — пакецікамі з белым рэчывам і рознакаляровымі таблеткамі. Праваахоўнікі праверылі ўсю кватэру і знайшлі іншыя расфасаваныя падазроныя рэчывы ў кухонных шафах, пад імі і на паліцах у гасцёўні.

Усе беларусы адмаўлялі, што маюць дачыненне да знаходак. Яны сталі сварыцца з паліцыянтамі. Паліцыянты кажуць, што ад мужчын патыхала спіртным, яны не падпарадкоўваліся патрабаванням і таму супраць іх ўжылі фізічную сілу.

Беларусаў затрымалі. Экспертыза паказала, што ў іх кватэры знайшлі амфетамін, мефедрон, марыхуану, гашыш і экстазі. Паліцыя пачала расследаванне.

Нашым суайчыннікам выставілі абвінавачванне ў захоўванні значнай колькасці наркатычных і псіхатропных рэчываў. Ім можа пагражаць да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі