Беларусаў вярбуюць на вайну ва Украіне пад выглядам працы "на вахце"

Абвестка пра набор добраахвотнікаў на вайну

Абвестка пра набор добраахвотнікаў на вайну / "Зеркало"

У паштовыя скрынкі некаторых мінчукоў трапілі ўлёткі з запрашэннем на працу ў Расіі. "Садова-паркавае прадпрыемства запрашае мужчын на вахту ў Расію. Аднаразовая выплата — 46 700 рублёў, заробак — 7550 рублёў на месяц", — гаворыцца ў іх. Праўда, пры гэтым тэкст аздоблены партрэтам мужчыны ў вайсковым камуфляжы і са зброяй.

Запрашаюць мужчын з 18 да 65 гадоў. Працаваць трэба нібыта на вахце ў Расіі. Акрамя высокага заробку і аднаразовай выплаты абяцаюць бясплатны трансфер на месца працы.

Журналіст "Зеркала" звязаўся з нумарам, пазначаным у абвестцы. Яму паведамілі, што гэта кантракт з Мінабароны Расіі, і паабяцалі перадаць звесткі заказчыку.

Заказчык пацвердзіў, што гаворка ідзе пра вайну ва Украіне, і расказаў пра вялікія выплаты, у тым ліку пры раненні і гібелі. Таксама расказаў пра неабходныя дакументы, якія паабяцаў дапамагчы аформіць. Патрабаванні да здароўя былі не вельмі высокімі: "Галоўнае — адсутнасць ВІЧ, гепатыту В або С, а таксама сіфілісу". Прайсці медагляд, па яго словах, нескладана: трэба толькі казаць, што скаргаў няма.

Месцам службы ён назваў Украіну: "Усё залежыць ад вашых навыкаў, але, як правіла, гэта мотастралкі. Кантракт заключаецца на тэрмін ад аднаго года, але ў любым выпадку служыць будзеце, пакуль не скончыцца СВА. Пасля заключэння кантракта можаце атрымаць у спрошчаным парадку грамадзянства Расіі, каб у Беларусі не прыцягнулі да крымінальнай адказнасці".

Журналіст спытаўся, ці шмат беларусаў ваюе і ці можна трапіць да іх у часць. "Дастаткова, але асобнай беларускай часці або падраздзялення няма. Калі ёсць знаёмыя, можаце ўзяць "адносіны" і адправіцца да іх", — адказаў рэкруцёр.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі