"Беларусьфільм" не супраць здымаць "Скарыну" Курэйчыка

"Беларусьфільм" не супраць здымаць "Скарыну" Курэйчыка

1 сакавіка Андрэй Курэйчык наведаў перадпітчынг у Міністэрстве культуры (адкрытую абарону творчых праектаў) і прадставіў праекты трох новых фільмаў: гістарычнага "Скарына", маладзёжнай драмы пра першакурснікаў у Мінску і навагодняй камедыі.


"Максімальны час я прысвяціў праекту "Скарына", для якога сапраўды не шкада, а можа нават неабходна, прыцягнуць грошы падаткаплацельшчыкаў, — распавядае ў размове з Еўрарадыё рэжысёр. — Гэта культуралагічны і асветніцкі праект, які з аднаго боку, прадстаўляе Беларусь, як еўрапейскую краіну, уцягнутую ў культурную прастору Еўропы, з іншага, паказвае беларуса, як чалавека еўрапейскага. Такога кшталту кіно ў нас ніколі ўвогуле не здымалася. Я прапанаваў паказаць Беларусь, як зону, дзе нараджаліся інавацыйныя тэхналогіі, бо кнігадрукаванне у той час было такім жа новым, як цяпер айфон".


Камісія Мінкульта, па словах Курэйчыка, станоўча рэагавала на ідэю фільма пра Францыска Скарыну. Асабліва ідэя Курэйчыка спадабалася прадстаўнікам "Беларусьфільма".


"Скарына — складаны праект, кшталту "У тумане" Лазніцы. Мы не зможам зняць Скарыну толькі ў Беларусі, будуць патрэбныя і Італія, І Літва, і Чэхія, мы мусім стварыць складаны вялікі культурны кінапраект, — працягвае Курэйчык. — У гэтым сэнсе супрацоўніцтва з "Беларусьфільмам" цалкам магчымае, бо ў іх ёсць частка таго, што неабходна для здымак. Але калі гэта будзе бюракратыя, якая звычайна існуе на "Беларусьфільме" (кшталту мастацкага савета з паловай незразумелых людзей), павольная і неэфектыўная здымачная машына, то ўсё заваліцца. Сучаснае кіно здымаецца зусім па-іншаму”.


Па словах Курэйчыка, асаблівых дыскусій падчас перадпітчынгу не было. Яго "простыя і зразумелыя рэчы" ніхто не аспрэчваў.


Як даведалася Еўрарадыё, на перадпітчынг прынеслі даволі шмат праектаў, каля дваццаці прадставіў "Беларусьфільм". Праекты, якія ўхваліць Мінкульт, будуць прадстаўленыя на рэспубліканскім конкурсе кінапраектаў. Фільмы-пераможцы здымуць на дзяржаўныя грошы (як, напрыклад, нашумелы "Мы, браты", на які было выдзелена ажно два мільёны долараў). Конкурс пройдзе ў красавіку і верасні. Вясной, прагназуе рэжысёр, пераможа праект "Беларусьфільма", восенню — меркаваць не бярэцца, хоць і спадзяецца на цуд.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі