Беларуска Аляксандра Сасновіч упершыню выйшла ў паўфінал турніра WTA
Беларуска Аляксандра Сасновіч упершыню выйшла ў паўфінал турніра WTA. У Сеуле ў 1/4 фіналу яна сенсацыйна абыграла ў двух сэтах значна больш рэйтынгавую амерыканскую тэнісістку Слоан Сцівенс (у Сасновіч 136-е месца ў рэйтынгу, у Сцівенс — 32-е) — 6:3, 6:2. Для перамогі Аляксандры Сасновіч спатрэбілася 1 гадзіна 17 хвілінаў. Адзначым, што ў згаданым паядынку яна зрабіла 5 эйсаў, а саперніца — ніводнага.
У 1/2 фіналу 21-гадовая беларуская тэнісістка згуляе з Аннай Шмідлавай са Славакіі, у яе 31-е месца ў рэйтынгу WTA.
На старце турніра Аляксандра Сасновіч выбіла з барацьбы яшчэ двух больш рэйтынгавых тэнісістак, яна абыграла румынку Аляксандру Дулгеру (54-е месца) — 6:3, 6:2, а таксама Магдалену Рыбарыкаву (73-е месца ў рэйтынгу) са Славакіі — 6:3, 6:3.
Прызавы фонд турніра ў Сеуле складае больш за 400 тысяч долараў.
Фота: itftennis.com