Беларуска выйграла на "Полі цудаў" ноўтбук, тэлевізар і 4 смартфоны
72-гадовая вілейчанка ў народным строі выйграла "Поле цудаў". Ерміяніда Цітова, прадавачка мясцовай крамы, падчас гульні набрала 6550 ачкоў, атрымала права на дзве скарбонкі (у абодвух выпадках забрала грошы) і выйшла ў фінал.
А вось ад супер-гульні жанчына адмовілася: маўляў, "навошта мне аўтамабіль, у мяне няма правоў, я на ровары езджу", таму дадому паехала з ноўтбукам, тэлевізарам і чатырма смартфонамі для сыноў і ўнукаў.
Цікава, што жанчына прыехала ў Астанкіна ў народным строі, размаўляла з "Аркадзічам" па-беларуску, праспявала "Полечку-трасуху" ды прывезла падарункі: "беларускую ягаду-журавінку — каралеву беларускіх балотаў", "бруснічку, якую збірала сваімі ручкамі", "ляшча з ракі Нарачанка, на якой стаіць вёсачка наша", "беларускі нацынальны напой "Саматканачка на калгане" — беларускі корань жыцця ад усіх хваробаў ад "а" да "я"".
Як піша партал kraj.by, Ерміяніда Цітова не хоча славы ў СМІ. Трапіць на гульню яна спрабавала цягам пяці гадоў, і вось яе мара спраўдзілася:
"У 62 гады я пабывала на моры, у 65 — у санаторыі, у 72 — на "Полі цудаў".