Беларускага актывіста, застрэленага ў Карэліі, пахавалі ў Расіі

Мікалай Аляксееў

Мікалай Аляксееў / старонка "Вконтакте"

Беларуса Мікалая Аляксеева, застрэленага байцамі ФСБ у Карэліі, пахавалі ў Расіі 16 сакавіка. Пра гэта ў каментары DW распавёў ягоны сын, які папрасіў не называць сваё імя.

Паводле яго, расійскія спецслужбы каля месяца сачылі за бацькам. Аляксееў удзельнічаў у беларускіх пратэстах, і апошнія пару гадоў жыў у Расіі, бо на радзіме яго абвінавацілі ў "абразе Лукашэнкі" і абвясцілі ў вышук. "Апошнім часам ён шукаў магчымасць выехаць за мяжу, бо з мінулага года РФ і РБ аб'ядналі вышуковыя спісы", — кажа сын. Ён мяркуе, што ФСБ зацікавілася яго бацькам менавіта ў сувязі з гэтым аб'яднаннем спісаў.

Як распавядала Еўрарадыё, 49-гадовага Мікалая Аляксеева застрэлілі 6 сакавіка ў Карэліі. У ФСБ заявілі, нібыта ён рыхтаваў тэракт, пры затрыманні аказаў супраціў і быў забіты падчас "боесутыкнення". Таксама ФСБ назвала Аляксеева ўдзельнікам палка Каліноўскага, заявіла, што ён па заданні ўкраінскай разведкі планаваў падарваць адміністрацыю ў горадзе Аланец.

Сын загінулага актывіста звяртае ўвагу, што крымінальную справу на ягонага бацьку пачалі ў дзень яго гібелі, 6 сакавіка. Забойства бацькі ён звязвае з падрыхтоўкай да расійскіх прэзідэнцкіх выбараў: "Гэта ж так банальна: глядзіце, людзі, вакол тэрарысты і ворагі, гуртуйцеся вакол лідара".

Аналізуючы ролік ФСБ пра аперацыю, у якой загінуў Аляксееў, яго сын звяртае ўвагу на адсутнасць нават голасу падазраванага: "Пабегалі, пакрычалі ў пустэчу, пастралялі па сценах, кадр з целам. Асабліва ў вочы кінулася: белы швэдар, светлы бетон вакол, а крыві няма. Ад кулявых (раненняў. — Рэд.) яе заўсёды шмат". Дарэчы, раней на пастановачнасць відэа звярталі ўвагу сілавікі з арганізацыі BELPOL.

Таксама сын Аляксеева кажа, што падзяляў палітычныя погляды бацькі, які падтрымаў пратэсты ў Беларусі ў 2020 годзе і выступаў супраць вайны ва Украіне. Пры гэтым ён дадае, што Аляксееў-старэйшы выступаў супраць сілавых метадаў, а быў прыхільнікам мірнага пратэсту. "Ён быў глыбока веруючым чалавекам: у храм хадзіў, спавядаўся, маліўся. Зброя і, тым больш, тэракты былі проста чымсьці немагчымым", — кажа сын актывіста. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі