Забіты ў Расіі Мікалай Аляксееў — родам з Віцебска, у яго засталіся 4 дзяцей
Мікалай Аляксееў
У Карэліі 6 сакавіка загінуў беларус Мікалай Аляксееў. Паводле расійскіх СМІ, яго забілі супрацоўнікі ФСБ пры затрыманні. Паведамлялася, што на нашага суайчынніка пачалі крымінальную справу за "падрыхтоўку да тэракту".
Мікалаю Аляксееву было 49 гадоў, ён удзельнік беларускіх пратэстаў 2020 года. На яго аватарцы на старонцы "Вконтакте" стаіць "Пагоня", ёсць здымкі з пратэстаў 2020 года, а сярод апошніх публікацый — свечка ў памяць пра Аляксея Навальнага. У якасці светапогляду ён напісаў лозунг "За свабодную Беларусь".
Аляксееў вучыўся ў школе ў Віцебску, там жа скончыў ПТВ. Пазней ён вучыўся на факультэце рускай філалогіі ў Беларускім педуніверсітэце імя Максіма Танка ў Мінску.
У анкеце пазначана, што яго чацвёра дзяцей: старэйшы сын ужо дарослы, малодшаму — сем гадоў.
Верагодна, да 2020 года Аляксееў працаваў трэнерам па ёзе. У 2020-м актыўна ўдзельнічаў у пратэстах. Калі ён пераехаў у Расію — невядома.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.