Беларускамоўнай групы ў гомельскім садку не будзе. Бацькі выступілі супраць
Стварыць беларускамоўную групу ў дзіцячым садку Гомеля ў маладых бацькоў Юлі Сівец і Міколы Бенькі не атрымалася. Анкетаванне, якое праводзіла 10 жніўня адміністрацыя школы, дае наступны вынік:
“Вынік у садку такі: 31 анкета, 4 — “за” беларускамоўную групу (12,9%), 10 — “не ведаюць” (32,2), 17 — “супраць” (54,8%). Чамусьці “не ведаю” таксама аднеслі ў шэраг тых, хто “супраць”, ― піша Юлія Сівец на сваёй старонцы ў Facebook.
Два гады таму Юлія запісала сына ў 160-ы садок ― адзіны садок Гомеля, дзе прапануюць выхаванне на беларускай мове. Такая група там толькі адна, цяпер у ёй выхоўваюцца дзеці, якім пяць гадоў. І новую групу ў садку плануюць набіраць толькі праз год ― калі дзеці з “беларускамоўнай” групы пойдуць у школу. Юля з Міколам чакаць не мелі магчымасці, бо іх сыну споўнілася тры гады, самы час ісці ў садок.
“Мы пачалі дамагацца, пісаць заявы, быў пэўны розгалас. У выніку была дасягнутая дамоўленасць, што будзе праходзіць бацькоўскі сход, і ў нас будзе магчымасць выступіць перад бацькамі. Калі мы іх пераканаем, то будзе створаная беларускамоўная група. Літаральна за суткі да сходу нам патэлефанавалі і назвалі дату ― часу падрыхтавацца толкам не было. На самім сходзе прадстаўнікі адміністрацыі садка распавядалі пра свае метады працы, пра тое, колькі яны ўсяго добрага зрабілі і прапанавалі правесці анкетаванне. Мы папрасілі магчымасці таксама выступіць перад бацькамі ― нам жа абяцалі! Нам далі такую магчымасць ― літаральна на некалькі хвілін. Мы расказалі пра тое, якія перспектывы адкрывае беларуская мова, спрабавалі на пазітыве згуляць. А потым было праведзенае анкетаванне”, ― распавядае Мікола Бенька.
Вынікі анкетавання вядомыя. Але нават калі б колькасць тых, хто прагаласаваў “за” і “супраць”, памяняць месцамі, то дамагчыся адкрыцця беларускамоўнай групы ў іх бы не атрымалася, упэўнены Мікола.
“Нават сама анкета была пабудаваная так, што ў нас наўрад ці атрымалася б дамагчыся адкрыцця беларускамоўнай групы. Бо нам трэба было набраць больш за 60% галасоў (супраць прагаласавалі 54,8% прысутных, ― Еўрарадыё). Да ўсяго, загадчыца садка адразу папярэдзіла: “Нават калі будзе пяць чалавек за беларускую мову, то мы для вас групу ствараць не будзем ― сродкаў на гэта няма”.
На бацькоўскім сходзе прысутнічала старшыня Гомельскай гарадской арганізацыі "Таварыства беларускай мовы" Алеся Аўласевіч.
“Я назірала за бацькамі і бачыла: яны проста не разумелі, што адбываецца. Яны не разумелі, хто гэтыя людзі, чаго яны ад іх хочуць. Яны проста прышлі на бацькоўскі сход, каб даведацца нейкія падрабязнасці з нагоды таго, што яны 1 верасня павядуць сваіх маленькіх дзетак у садок. Да ўсяго, на сустрэчу прывялі не таго настаўніка, які будзе працаваць з іх дзецьмі ў беларускамоўнай групе, а таго, які цяпер працуе з іншымі дзецьмі ў іншай групе. І бацькоў цікавіла, хто ж будзе выхавальнікам у іх дзяцей. Гарвыканкам кажа, што калі б група сабралася, то выхавальніка яны б знайшлі без праблем. Але для бацькоў важна, хто будзе выхавальнікам у дзяцей, а ім гэтага выхавальніка не паказалі, і гэта выклікала сумневы”.
Загадчыца садка Таццяна Масковіна запэўнівае Еўрарадыё, яны зрабілі ўсё ад іх залежнае ― расказалі бацькам пра садок, яго дасягненні і поспехі, далі магчымасць выхавальніцы беларускамоўнай групы правесці прэзентацыю. Але чаму не далі магчымасць Юлі і Міколу правесці “агітацыю” сярод іншых бацькоў на карысць беларускамоўнай групы ― не далі ім іх кантакты і час на такую працу?
Таццяна Масковіна: “Мы такое рабіць не будзем. Гэта права выбару. Анкетаванне прайшло сумленна, фальсіфікацый ніякіх не было, бацькі свае пажаданне выказалі”.
Загадчыца садка абвяргае заявы Юлі Сівец і Алесі Аўласевіч, што нібыта анкеты тых, хто не вызначыўся, паклалі да тых, хто супраць. І наракае на адсутнасць у моладзі вызначанай пазіцыі па моўным пытанні.
Таццяна Масковіна: “Не гатовая наша моладзь. Я была вельмі расчараваная, калі ў анкеце пісалі “не ведаю”. Што значыцца, ты не ведаеш, якую ж вы маеце пазіцыю як бацькоў? Ты аддаў дзіця ў дзяржаўную ўстанову і ты павінен дакладна ведаць, што ты хочаш атрымаць для свайго дзіцяці? І дакладна ведаць, што патрабаваць… А што патрабаваць ― у нас навучальныя праграмы… Як разам працаваць з дашкольнай установай па тым ці іншым накірунку. А калі бацькі кажуць: “Я не ведаю”, ― мяне гэта палохае. Значыцца, недапрацоўваем мы з нашай моладдзю. Нешта яна не мае свайго пункту гледжання, цвёрдага і дакладнага”.
Еўрарадыё: А чаму было тых, хто “не ведае” што патрэбна яго дзіцяці, не аб’яднаць з тымі, хто за беларускамоўную групу і стварыць яе ― 14 чалавек было б?
Таццяна Масковіна: “Бачыце… Не. Калі 17 супраць, то не ― мы на гэта не пойдзем”.
Што далей будуць рабіць Юля і Мікола? Аддаваць сына ў рускамоўны садок яны не плануюць. Будуць ім займацца самі, вадзіць на адмысловыя заняткі ў мясцовае Таварыства беларускай мовы, у іншыя гурткі. І спадзявацца, што ў іх будзе магчымасць праз тры гады аддаць сына ў беларускамоўную школу ці хаця б клас.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім упэўненая: гэта і падобныя ёй сітуацыі ― парушэнне правоў грамадзян, Кодэкса “Аб адукацыі” і самой Канстытуцыі.
Алена Анісім: “Мы ўвесь час сутыкаемся з тым, нібыта людзі не хочуць аддаваць дзяцей у беларускамоўныя садкі і школы. На самой справе, улада не стварае роўных умоваў для навучання на беларускай мове. Таму ўтвараецца такая дыскрымінацыйная сітуацыя, і гэта ёсць прамое парушэнне правоў грамадзян”.
Прыхільнікам выхавання дзяцей па-беларуску, па словах загадчыцы садка, са студзеня 2018 года паспрабуюць стварыць для іх дзяцей асобную чаргу ў садок.