Беларуская дзяўчына вакаліста Sepultura: У Дэрыка — беларуская душа!
Вакаліст Sepultura Дэрык Грын носіць пашпарт у вокладцы з беларускім арнаментам, які сімвалізуе каханне, дабрабыт ды свабоду. Вокладку яму падарыла беларуска Юля падчас канцэрта метал-зорак у мінскім клубе Re:Public некалькі гадоў таму. Гэта быў дзень знаёмства музыкі і дызайнеркі скураных аксесуараў, якое перарасло ў каханне.
"Я з дзяцінства люблю менавіта цяжкую музыку, — распавядае Юля гісторыю знаёмства з Дэрыкам. — Я тады прадавала ў клубе скураныя вырабы, прынесла бранзалеты — хацела падарыць удзельнікам. Паразмаўлялі з музыкамі ні пра што і пра ўсё на свеце, бо музыкі гурта — вельмі адкрытыя людзі".
Юля пакінула Дэрыку свае адрасы ў сацсетках, і той адразу яе адшукаў. Пачалася перапіска. Потым ― сустрэчы ў розных гарадах. Потым Юля паехала ў Сан-Паулу ў госці да музыкі, а пасля Новага года Дэрык Грын наведаў Мінск.
"Ён хацеў паглядзець, як мы жывем. Яму цікавая наша культура. Ён цікавіўся, які ў нас самы папулярны рок-гурт. Я назвала "Песняроў", як эталон беларускай музыкі. Яшчэ пытаўся пра нашы народныя песні, — працягвае дзяўчына. — Праўда, былі акурат лютыя маразы, -24, а ён не любіць холад і снег. Таму гулялі не шмат. Па вуліцы Дэрык хадзіў цалкам заматаны — я звязала яму шалік, каб ён не замерз. Яго было цяжка пазнаць, хаця мы і ў метро спускаліся. Пазналі ў Гранд-кафэ, дзе мы часта бывалі".
Пра Дэрыка Юля можа доўга распавядаць. Кажа, каб мы пісалі больш пра яго, маўляў, ён вельмі класны і адкрыты чалавек, заўсёды адказвае сваім фанатам.
"Я, шчыра кажучы, у шоку дагэтуль, — смяецца Юля. — Ён ― як беларус, душа ў яго беларуская".
Дэрык — вегетарыянец, таму ў Мінску знайсці нешта добрае і вегетарыянскае было няпроста. Аднак з беларускай кухняй амерыканскі музыка пазнаёміўся ў Юлі дома: палюбіў дранікі, варэнікі з бульбай і грыбамі, вегетарыянскі боршч і грыбны суп. А яшчэ з Мінска Дэрык Грын прывёз майку "Слухай сваё" і цяпер марыць пра яшчэ адну, дзе назва нашай краіны будзе напісаная кірыліцай, бо, мяркуе музыка, з надпісам па-англійску майка з Беларусі губляе канцэпт.
Увесну Юля едзе да Дэрыка ў Бразілію. Пасля гэтага пара плануе пачаць жыць разам, хутчэй за ўсё, на радзіме музыкі, у ЗША.
"У кожным выпадку, я паеду за ім, як жонка дзекабрыста", — смяецца дзяўчына.
У будучыні Юля збіраецца весці гаспадарку і працягне займацца скуранымі вырабамі. Дарэчы, Дэрык носіць упрыгожанні, зробленыя каханай: бранзалет і падвеску.