Беларускі бязвізавы рэжым не дзейнічае для вялікай часткі транзітных пасажыраў
Беларускі бязвізавы рэжым не дзейнічае для транзітных пасажыраў, якія праз Мінск дабіраюцца ў расійскія гарады. Час паміж пералётамі, які яны плануюць для прагулкі па беларускай сталіцы, яны вымушаныя бавіць у транзітнай зоне мінскага аэрапорта.
У такой сітуацыі днямі апынуліся двое замежнікаў, якія ляцелі ў Маскву транзітам праз Нацыянальны аэрапорт “Мінск”. Яны запланавалі 6-гадзінную перасадку, каб з’ездзіць у горад. Але па прылёце ў сталіцу Беларусі, пасля праходжання пашпартнага кантролю, іх папярэдзілі, што ім нельга пакідаць трансферную зону, інакш яны не змогуць трапіць назад на самалёт.
У Памежным камітэце Еўрарадыё патлумачылі: прычына менавіта ў тым, што замежнікі ляцелі праз Мінск транзітам у Маскву. Такіх пасажыраў бязвізавы рэжым не закранае:
"Для транзітных пасажыраў, якія лётаюць праз Беларусь ў Расійскую Федэрацыю, бязвізавы рэжым не дзейнічае. “Бязвіз” распаўсюджваецца на тых замежнікаў, якія хочуць ім скарыстацца з мэтай наведвання Беларусі. Ён дзейнічае для тых грамадзян, якія прыбываюць праз Нацыянальны аэрапорт “Мінск” і з'язджаюць таксама праз яго ў трэція краіны адносна Саюзнай дзяржавы. Усё гэта звязана з тым, што памежны кантроль на вылет з Беларусі ў Расію з боку памежнай службы не ажыццяўляецца, таму транзітныя пасажыры не могуць скарыстацца нашым “бязвізам” і выйсці ў горад. Для гэтага патрэбная хаця б транзітная віза".
30-дзённы бязвізавы рэжым для замежнікаў пачаў дзейнічаць у Беларусі з 27 ліпеня. Масква пасля спынення авіяспалучэння паміж Расіяй і Украінай — гэта асноўны напрамак транзіту праз мінскі аэрапорт. Апынулася, што беларускі бязвізавы рэжым вельмі “пераборлівы” і робіць выключэнне для гэтай значнай часткі трансферных пасажыраў. Хаця здавалася б, што можа быць лепш, чым турысты, якія прыязджаюць у краіну на пару гадзін, атаварваюцца, абедаюць і ляцяць далей?
Не, лепш няхай сядзяць у аэрапорце!