Беларускі экс-палітвязень ударыў малатком па сцяне Крамля
Аляксандр Фралоў
У Маскве суд арыштаваў на 15 сутак 32-гадовага беларуса Аляксандра Фралова, паведамляе прэс-служба судоў агульнай юрысдыкцыі Масквы. Мужчына ўдарыў малатком па сцяне Крамля і абліў фарбай фасад гістарычнага музея.
Асудзілі яго па абвінавачанні ў непадпарадкаванні супрацоўніку паліцыі. Свае дзеянні беларус патлумачыў "асабістай непрыязнасцю да супрацоўнікаў ФСА (Федэральнай службы аховы РФ)".
30 верасня Фралову ўжо прызначалі 10 дзён арышту, піша "Медыязона". На вежы Крамля каля набярэжнай Масквы-ракі ён зрабіў "надпіс з абвінавачваннем супрацоўнікаў спецслужбаў у згвалтаванні дзяўчынкі". Сам надпіс неўзабаве адмылі.
Аляксандр Фралоў — былы палітвязень. У студзені 2022-га суд Жлобінскага раёна прысудзіў яму паўтара года "хіміі" паводле "народнага" артыкулу 342 КК (дзеянні якія груба парушаюць грамадскі парадак). На волю ён выйшаў у лістападзе 2023-га.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.