У Гродне затрымалі пенсіянерку, якая "праз шкадлівасць" драпала машыны
Драпіна на кузаве аўтамабіля, ілюстрацыйнае фота
Крымінальную справу аб хуліганстве завялі на жыхарку Гродна. Ёй 71 год. Жанчыну падазраюць у тым, што яна падрапала цвіком некалькі аўтамабіляў. Машыны былі прыпаркаваныя паводле правілаў, падкрэслілі ў ДАІ.
Пацярпелі аўтамабілі Mercedes і Peugeot. Адзін з уладальнікаў звярнуўся ў міліцыю. Выявілася, што момант здзяйснення злачынства трапіў на відэа — яго зафіксавала камера вонкавага назірання. Аператыўнікі знайшлі зламысніцу.
Жанчына прызналася, што па дарозе на рынак падрапала цвіком Mercedes, а крыху пазней і Peugeot. На зваротным шляху яшчэ раз правяла цвіком па кузаве Mercedes, але ўжо з іншага боку. На пытанне "навошта?" пенсіянерка адказала: "Праз сваю шкадлівасць!"
Ужо падлічана, што сума шкоды складае 1500 рублёў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.