Арменія можа выдаць Беларусі 36-гадовага Уладзіміра Баландзіна
Уладзімір Баландзін
Арменія можа выдаць Беларусі 36-гадовага Уладзіміра Баландзіна. Беларуса затрымалі на грузінска-армянскай мяжы, у катрольна-прапускным пункце Баграташэн. Ён знаходзіцца за кратамі 7 месяцаў, паведамляе армянская служба Радыё Свабода.
"Знаходзячыся ў пэнітэнцыярнай установе Ванадзора, ён даведаўся, што ў бліжэйшы час яго павінны экстрадаваць, для чаго яго перавялі ў адну з пэнітэнцыярных устаноў у Ерэване", — кажа яго адвакатка Ані Чацінян.
Па версіі сілавікоў РБ, Баландзін абвінавачваецца ў растраце. Сам ён кажа, што яго пераследуюць за ўдзел у пратэстах у Беларусі ў 2020-м.
Генеральная пракуратура Арменіі прыняла рашэнне выдаць Уладзіміра Баландзіна ў канцы вясны. Яго аспрэчвалі ў армянскіх судах, але беспаспяхова. У ванадзорскім офісе Хельсінкскай грамадзянскай асамблеі, які ўзяў на сябе абарону беларуса, кажуць, што рашэнне аб экстрадыцыі незаконнае і гэта "вынік палітычных дамоўленасцяў паміж Беларуссю і Арменіяй".
Па словах адвакаткі, экстрадыцыю Баландзіна могуць адмяніць, калі Служба міграцыі і грамадзянства Арменіі задаволіць яго хадайніцтва аб наданні прытулку. Да разгляду заявы экстрадыцыю прыпыняць.
Раней былі выпадкі, калі Арменія адмаўлялася выдаць у РБ беларусаў, і яны атрымалі прытулак. Аднак тыдзень таму адбылася сустрэча генпракурораў Беларусі і Арменіі. На ёй Андрэй Швед падымаў пытанне выдачы беларусаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.