Беларускі ўрад удакладніў сваю пастанову аб правілах самаізаляцыі
Беларускі ўрад удакладніў сваю пастанову (№ 208 ад 8 красавіка) аб "абмежавальным мерапрыемстве" — самаізаляцыі. За месяц высветлілася, што адразу не ўсё было прадугледжана. У выніку 5 траўня з'явілася новая ўрадавая пастанова № 268, у сераду яна апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі.
Якія ўнесены праўкі? Людзі, заражаныя каранавірусам, а таксама "кантакты першага ўзроўню" абавязкова праходзяць медыцынскае асведчанне. Заражаныя абавязаны паведамляць пра магчымую крыніцу свайго заражэння, пра кантакты, пра месцы, якія наведваліся. Тэрміны знаходжання на самаізаляцыі могуць скараціць ці працягнуць лекары, якія назіраюць за грамадзянінам. Таксама цяпер пастаноўлена, што дзеці ва ўзросце да 10 гадоў павінны самаізалявацца ў выпадках, калі з'яўляюцца "кантактамі другога ўзроўню", маюць рэспіраторны сімптом (ці сімптомы) і наведваюць школу ці дзіцячы садок. Знаходжанне непаўналетніх у самаізаляцыі павінны забяспечыць іх законныя прадстаўнікі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.