Беларускі ўрад збіраецца "адсекчы неабгрунтаваны імпарт"
Беларускі ўрад збіраецца абараніць айчынны рынак і "адсекчы неабгрунтаваны імпарт", а таксама прадукцыю, якая можа нанесці шкоду здароўю, заявіў віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка. Паводле яго слоў, зрабіць гэта трэба "цывілізавана", з апірышчам на тэхрэгламенты і стандарты.
Аднак, уводзячы ў краіне тэхрэгламенты, давядзецца ўлічваць інтарэсы партнёраў Беларусі па Еўразійскім эканамічным саюзе, адзначыў Сямашка. Што да ўкаранення тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза, дык, паводле слоў віцэ-прэм'ера, яны неабходныя, каб беларускія вытворцы ўпэўнена адчувалі сябе на знешніх рынках.
"Беларусь — краіна з адкрытай эканомікай, мы павінны прадаць не менш за 65% вырабленай прадукцыі, — гаворыць Уладзімір Сямашка. — Канкурэнцыя пры гэтым найжорсткая, таму мы павінны быць абсалютна ўпэўнены, што наш прадукт адпавядае ўсім стандартам і рэгламентам і не можа быць забракаваны".