Беларускіх і расійскіх плыўцоў адхілілі ад чэмпіянату свету ў Будапешце
Міжнародная федэрацыя плавання (FINA) адхіліла спартоўцаў Беларусі і Расіі ад сёлетняга чэмпіянату свету па водных відах спорту ў Будапешце. Адпаведная заява з'явілася на сайце арганізацыі.
У ёй гаворыцца: "У адпаведнасці з рашэннем бюро FINA ад 8 сакавіка 2022 года і новымі абставінамі па адхіленні расійскіх і беларускіх спартоўцаў і афіцыйных асобаў ад спаборніцтваў FINA, а таксама пасля разгляду незалежнай ацэнкі рызыкаў бюро FINA правяло сёння пасяджэнне і пацвердзіла, што спартоўцы і афіцыйныя асобы з Расіі і Беларусі не прымуць удзел у будучым 19-м чэмпіянаце свету па водных відах спорту ў Будапешце ў 2022 годзе".
Акрамя таго, Дысцыплінарная калегія FINA пачала справу супраць расіяніна Яўгена Рылова. За ўдзел у праваенным мітынгу на стадыёне "Лужнікі" ў Маскве яго падазраюць у парушэнні правілаў FINA.
FINA асудзіла расійскую вайну супраць Украіны і пацвердзіла, што падтрымлівае ўкраінскую Федэрацыю плавання, скачкоў у ваду і мастацкага плавання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.