Беларускія біятланісты не дайшлі да фінішу
Беларускія біятланісты не дайшлі да фінішу. З-за адставання ад лідараў на круг у змяшанай эстафеце на этапе Кубка свету ў Солт-Лейк-Сіці зборную Беларусі знялі з гонкі. У ёй паспелі паўдзельнічаць толькі Максім Верабей і Дзмітрый Лазоўскі, а Дар'я Юркевіч і Ганна Сола засталіся на старце.
Цікава, што пасля першай стральбы Верабей быў першым, ён не дапусціў промахаў. Аднак на другім агнявым рубяжы ў яго быў поўны правал, у выніку — 19-е месца і адставанне ад лідараў больш чым на дзве хвіліны. Лазоўскі трыма штрафнымі кругамі замацаваў беларускую зборную на апошнім месцы і садзейнічаў таму, што ёй не далі працягваць гонку.
Эстафету выйграла зборная Францыі, на другім месцы — Германія, на трэцім — Нарвегія.
Такім чынам восьмы этап Кубка свету па біятлоне скончыўся. 18 лютага ў Раўбічах стартуе чэмпіянат Еўропы.