Беларускія дэпутаты прынялі ў другім чытанні праект бюджэту на 2018 год

Беларускія дэпутаты прынялі ў другім чытанні праект бюджэту на 2018 год

На пасяджэнні 19 снежня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў другім чытанні законапраект "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2018 год", перадае БЕЛТА. У першым чытанні гэты дакумент дэпутаты прынялі напярэдадні, 18 снежня. 

Асноўнымі параметрамі для разліку праекта бюджэту на будучы год прыняты кансерватыўны сцэнар знешніх умоваў. Тэмп росту ВУП Беларусі закладаецца ў 101,2%, сярэднегадавыя параметры: інфляцыя — 107,4%, стаўка рэфінансавання — 11% гадавых, кошты на нафту — 43 долары за барэль, курс долара — 2,038 беларускага рубля і 62,3 расійскага рубля.

На думку старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Людмілы Дабрынінай, гэта рэалістычны бюджэт з улікам умоваў і прыярытэтаў, у якіх працуе эканоміка краіны. Яна назвала бюджэт вынікам кампрамісу палітычных, эканамічных і сацыяльных інтарэсаў.

Бюджэт зацверджаны па выдатках у 19,751 мільярда рублёў зыходзячы з прагназаванага аб'ёму прыбыткаў у 20,485 мільярда рублёў. Прафіцыт чакаецца ў памеры 733,88 мільёна рублёў і будзе накіраваны на пагашэнне часткі дзяржаўнай пазыкі.

У агульным аб'ёме кансалідаванага бюджэту 65% займаюць так званыя першачарговыя выдаткі — на выплату заробкаў і трансфертаў насельніцтву, абслугоўванне дзяржпазыкі, набыццё лекаў, прадуктаў харчавання, аплату камунальных паслуг і міжбюджэтныя трансферты. Траціну кансалідаванага бюджэту складаюць выдаткі на заробкі ў суме 10,6 мільярда рублёў.

Падатковая нагрузка ў 2018 годзе складзе не больш як 25,5% да ВУП і не перавысіць узроўню, прадугледжанага ў праграмных дакументах сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку, — 26% да ВУП.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі