"Беларускія мужчыны, не насіце шкарпэткі з сандалямі і барсеткі!"

Вядомая на Захадзе дызайнерка Наташа Паўлючэнка жыве ў Польшчы ўжо больш за 7 гадоў. Еўрарадыё сустрэлася з ёй на польскім тыдні моды ў Лодзі, дзе мадэльер прадставіла публіцы сваю новую “французскую” калекцыю. Натхненнем для яе стаў Парыж 1930-1940 гадоў, старыя краўцы і французскія жанчыны. На першы погляд простыя рэчы, у якіх можна хадзіць не толькі па подыумах, крытыкі прызналі геніяльнымі. Дарэчы, у працяг калекцыі дызайнерка таксама спраектавала пробную серыю мэблі. 
Еўрарадыё: Наташа Паўлючэнка — гэта беларускі ці польскі дызайнер?
Наташа Паўлючэнка: Вядома, беларускі. Мая мама полька, але яна нарадзілася і ўсё жыццё пражыла ў Беларусі. Мой тата — украінец. А я маю беларускі пашпарт і адчуваю сябе беларускай. Я калі прыязджаю ў Мінск, то часам плачу ад шчасця, што прыехала дадому. Мне вельмі не хапае Мінску, нашага стылю жыцця, нашых людзей і нашых жанчын беларускіх — як яны апранаюцца, як яны выглядаюць на штодзень. Полькі зусім іншыя. Але зноў жа добра, што полькі купляюць мой стыль, то бок наш стыль. Я не раблю польскую моду. Я раблю для іх нашую моду, як яны кажуць, "усходнюю". 
Еўрарадыё: То бок беларускія матывы ўплываюць на вашую творчасць?
Наташа Паўлючэнка: Безумоўна, гэта ўсё ўзаемазвязана. Я ўжо даўно працую з вядомымі польскімі спевакамі “Golec uOrkiestra”. І дзякуючы ім я пачала вывучаць паходжанне польскага нацыянальнага строя. Дык вось беларускі і польскі нацыянальныя строі настолькі ўзаемазвязаныя, што я нават не ўяўляла. Там вельмі шмат агульных элементаў. Летась на польскім тыдні моды я паказвала сваю калекцыю ў стылі фольк, там кожны можа знайсці і беларускія, і польскія элементы. 
Еўрарадыё: А стаўленне людзей да моды ў Беларусі і Польшчы моцна адрозніваецца?
Наташа Паўлючэнка: Шчыра кажучы, так. Ведаеце за што я люблю нашу беларускую і рускую душу — калі ў мяне ёсць апошнія 5 рублёў, я іх выдаткую на добрае адзенне. А палякі зусім іншыя. Хаця сярод іх ёсць некалькі адсоткаў, якія гатовыя траціць грошы на моду, — і гэта мае кліенты. 
Парогі высокіх подыумаў
Еўрарадыё: Як простая беларуская дзяўчына стала вядомым еўрапейскім дызайнерам?
Наташа Паўлючэнка: Перадусім дзякуючы маёй стараннай працы. Але гэта адначасова і маё хобі. Я вельмі люблю тое, што раблю. Проста не ўяўляю, каб я мела нейкую іншую прафесію. Нават калі б я не зарабляла грошы дызайнам, а працавала ў іншым месцы, то дызайнам бы ўсё роўна займалася. У 2002 годзе мяне запрасілі працаваць у адну польскую фірму ў горад Лодзь. І я туды ездзіла, яшчэ калі вучылася ў Інстытуце сучасных ведаў. То бок я яшчэ была студэнткай і прыязджала працаваць у Польшчу галоўным дызайнерам адной з фірм. Жыццё склалася так, што я выбрала шлях кар’ернага росту і цалкам пераехала жыць у Польшчу. Потым пачаліся прапановы ад іншых фірм. Я практычна аб’ехала ўсю Польшчу, працавала і ў Гданьску, і ў Лодзі, і ў Варшаве — і затрымалася на паўтары гады ў Цешыне (каля чэшскай мяжы). Гэта было маё апошняе месца працы на масавай прадукцыі. Так склалася, што я там засталася. 
Еўрарадыё: А далей на Захад не хацелася паехаць?
Наташа Паўлючэнка: Вядома, хацелася. Маё жыццё склалася так, што мой муж — паляк, у нас ужо 4-гадовая дачка Маша, і мы жывем тут. Але маё месца ў Парыжы. Можа там халодна, можа дождж, можа нешта не так, як бы ўсім хацелася. Але гэта маё месца на Зямлі. І не таму што гэта сталіца моды, а таму што я вельмі адчуваю гэты горад.
Але кар’ерны рост плануецца таксама ў бок Францыі. Сёння мы вядзем перамовы з парыжскім тыднем моды, каб паказаць сваю калекцыю там. Калі ўсё будзе добра, то гэта адбудзецца ўжо ў 2011 годзе. Ну, а сёлета я планую яшчэ восеньскі тыдзень моды ў Польшчы. Вельмі шмат прапановаў працы з Амерыкай. Але я вельмі насцярожана да гэта стаўлюся. Я не хачу зрабіць са сваёй маркі масавую прадукцыю. Я стараюся заўсёды рабіць маленькія серыі або адзіныя экзэмпляры. Я б не хацела, каб мая творчасць стала камерцыйным зарабляннем грошай. Многія людзі спецыяльна ідуць да гэтага — а я не хачу ў пэўны момант зразумець, што я творча дэградавала і пачала проста зарабляць грошы. 
Еўрарадыё: А ў беларускіх конкурсах кшталту “Млына моды” вы ўдзельнічалі?
Наташа Паўлючэнка: Зразумела, удзельнічала. У Беларусі я прайшла ўсё, што магчыма: “Млын моды”, “Белую амфару”, некалькі “Мамантаў”. Першую калекцыю ў Мінску я паказала ў 1997 годзе. Я пачынала вучыцца ў тэхнікуме і паказала сваю першую калекцыю на тэму Атлантыды. Я дагэтуль маю фотаздымкі з гэтага паказу. І тое, што перамагла ў гэтым авангардным конкурсе, дало мне вялікі штуршок наперад.
Еўрарадыё: Чаму беларускім дызайнерам так цяжка прабіцца на Захадзе?
Наташа Паўлючэнка: Чаму цяжка? Гэта не цяжка. Вы не ўяўляеце сабе, колькі беларускіх дызайнераў працуе за мяжой. Я магу пачаць пералічваць прозвішчы, але не буду гэтага рабіць: можа нехта не хоча, каб ведалі. Мінск не з’яўляецца сталіцай моды. У нас няма фэшн-бізнэса і не будзе ў бліжэйшы час. Можа, канечне, знойдзецца хтосьці ахвотны патраціць на гэта вельмі шмат грошай. Але патрэбны таксама час. Насамрэч, прабіцца на Захад не цяжка. Кожны дызайнер можа напісаць мэйл таму ж Кензо, выслаць свае эскізы і сказаць: звярніце на мяне ўвагу, я хачу ў вас працаваць. Ніхто гэтага нікому не забараняе. Дзверы адчыненыя. Многія думаюць, што свет моды вельмі закрыты. Але сапраўдныя дызайнеры (а не тыя, хто толькі хоча такімі падацца), піяршчыкі і мэнэджары — яны вельмі адкрытыя. Мы жывем адной вялікай сям’ёй. Здараюцца такія сітуацыі, што, напрыклад, у мяне вельмі шмат заказаў, а добры дызайнер побач іх не мае. Мы дзелімся гэтымі заказамі. Таму не трэба баяцца. Пакуль у маладога дызайнера няма ўласнага мэнэджара, трэба самому адпраўляць эскізы. Асабліва на міжнародныя конкурсы. Гэта вельмі важна. 
Строй для нобелеўскага лаўрэата і звычайных мінчукоў
Еўрарадыё: А колькі каштуюць вашыя рэчы?
Наташа Паўлючэнка: У параўнанні з іншымі дызайнерамі ў мяне няма вельмі высокіх коштаў на адзенне. Самыя дарагія рэчы — гэта вечаровыя сукенкі. Я вельмі шмат працую з шоўкамі. З імі вельмі складана працаваць, каб зрабіць такое адзенне, якое можна насіць шмат гадоў. Я ўвогуле раблю такое адзенне, каб яно магло вісець у шафе доўга. А пакупкі рэчаў на адзін раз — гэта для мяне нешта нелагічнае. Мае цэны на вечаровыя сукенкі — гэта ад 900 еўра да 2000 еўра максімум. Напрыклад, на Нобелеўскі баль я рабіла адзенне для амерыканцаў — сям’і Ўільямсана (Олівер Уільямсан — Еўрарадыё), які атрымаў узнагароду ў сферы эканомікі. Там ужо былі сукенкі за 2000 еўра, сапраўды дарагія. Мае касцюмы, якімі я сапраўды ганаруся, і жаночыя, і мужчынскія каштуюць 2500 злотых (каля 780 долараў — Еўрарадыё). Я іх раблю, грунтуючыся на старыя класічныя традыцыі. Гэта цэны параўнальныя да, напрыклад, польскай маркі “Вістула”. Але якасць прынцыпова адрозніваецца. Гэта зусім іншы ўзровень. Там ёсць хэнд-мэйд, мадэль шыюць пад індывідуальную фігуру кліента. 
Еўрарадыё: А ў беларусаў будзе магчымасць набыць нешта з калекцыі Наташы Паўлючэнка?
Наташа Паўлючэнка: Я ўжо размаўляла з адным мінскім буціком, у якім беларускія дызайнеры прадаюць свае калекцыі. І ўжо летась ў верасні хацела паказаць там свае рэчы. Але так склалася, што калекцый проста не хапіла. Яны вельмі добра распрадаліся ў Польшчы і Еўрасаюзе. І нічога не засталося, каб прывезці ў Мінск. Вельмі спадзяюся, што з калекцыі восень/зіма 2010-2011 нешта з’явіцца ў Мінску. Пытанняў шмат, жадаючых таксама, але я адна і не паспяваю зрабіць усё, што ахвота. Аднак я перш за ўсё павінна разлічваць на польскага пакупніка, таму што тут я пачала сваю марку з нуля і мяне вельмі добра прынялі. Але мне б вельмі хацелася, каб рэчы можна было купіць у Мінску. 
Еўрарадыё: А кліентаў з Беларусі ў вас няма?
Наташа Паўлючэнка: Кліенты з Беларусі ў мяне былі, калі я жыла там. Але на сённяшні момант, відавочна, ім цяжка прыехаць. Аднак жадаючых шмат, таму я і вырашала, што трэба пачаць прадаваць калекцыі ў Мінску. Але з кліентам жа трэба размаўляць, гэта індывідуальная праца. Гэта не тое, што я прыходжу ў краму, купляю адзенне з меткай “Наташа Паўлючэнка” і гэта ўсё. Абсалютна не. Многіх жанчын і мужчын трэба навучыць хадзіць у гэтым адзенні. Трэба навучыць іх правільна траціць грошы на адзенне, не купляць шмат рэчаў, якія будуць вісець у шафе, а купляць такое адзенне, якое можна будзе насіць некалькі сезонаў, рабіць такі міні-гардэроб. Ну, вось палякам я магу тут на месцы дапамагчы. Можа калісьці атрымаецца працаваць і з беларускімі кліентамі. Шчыра скажу: каб у мяне былі фінансавыя магчымасці, маё аўтарскае атэлье было б і ў Мінску. 
Еўрарадыё: Беларускія жанчыны вас натхняюць — а што вы можаце параіць беларускім мужчынам?
Наташа Паўлючэнка: Мужчыны часта купляюць пінжакі на памер больш, чым трэба. Пінжакі трэба апранаць больш прыталеныя. Кашулі таксама больш прыталеныя. Яшчэ я б увогуле ліквідавала барсеткі. Гэтай дэталі гардэроба быць увогуле не павінна, або яна мусіць існаваць у іншай форме. Заўсёды можна знайсці альтэрнатыву для грошай, дакументаў і гэтак далей. Гэта тычыцца і палітыкаў. Больш прыталеныя пінжакі, кашулі, больш смелыя рашэнні з гальштукамі, увядзенне нейкіх цікавых колераў. А то ў нас усё такое шэрае-шэрае. Але шэрае таксама можа быць прыгожым, калі правільна падабраць. 
Беларускія мужчыны, я вас прашу, не насіце шкарпэткі з сандалямі. Гэта проста самае жудаснае, што вы можаце зрабіць са сваім гардэробам. Плюс камізэлькі з тысячай кішэняў, такія кітайскія ці турэцкія — не ведаю, у асноўным у такіх аліўкавых колерах. Гэта такая парода беларускага мужчыны, якая сапраўды існуе. Варта ж калі-некалі пагартаць і модныя журналы. І гэта не азначае, што трэба выглядаць дакладна так, як на карцінцы. Але тэндэнцыі трэба ведаць. 
Даведка: Наташа Паўлючэнка нарадзілася ў Мінску, скончыла Інстытут сучасных ведаў. Сярод яе ўзнагародаў — CDP (Дюсельдорф), "Рускі сілуэт", Міжнародная прэмія моды Smirnoff, New Look Design ды іншыя. На рахунку Наташы паказы ў Польшчы, Расіі, Германіі ды Іспаніі. Дызайнерка выпускае па 2 калекцыі штогод, а таксама праектуе адзенне для індывідуальных кліентаў, аўтарскія торбы і абутак. Апранае вядомых у Польшчы палітыкаў, бізнэсоўцаў і зорак эстрады.
Калекцыя, прадстаўленая на польскім тыдні моды ў Лодзі: 
 
70% калекцыі выканана ў любімым колеры дызайнеркі - чорным
Наташа Паўлючэнка падчас прэс-канферэнцыі:
За кулісамі паказа новай калекцыі

Кравецкія манекены натхнілі Наташу Паўлючэнка стварыць мэблю
Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі