Беларускія праваабаронцы: Мы не спынім сваёй дзейнасці
14 ліпеня, на фоне чарговай хвалі атакі сілавікоў на грамадзянскую супольнасць у Беларусі, пазбаўлены рэгістрацыі ў нашай краіне праваабарончы цэнтр "Вясна" выступіў з заявай. У ёй пералічваюцца арганізацыі, у якіх сёння прайшлі ператрусы: БАЖ, БХК, Цэнтр прававой трансфармацыі "Lawtrend", Рух "За Свабоду", Аб'яднанне беларусаў свету "Бацькаўшчына", "Гендарныя перспектывы", Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацыі ды іншыя. Паведамляецца, што пасля ператрусаў у кватэрах затрымалі сябраў ПЦ "Вясна" Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, Сяргея Сыса, Віктара Сазонава, Алега Мацкевіча, Алену Лапцёнак, Ігара Казмерчака, няма сувязі са старшынём цэнтра Алесем Бяляцкім. Затрыманы каардынатар кампаніі "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання" Андрэй Палуда і праваабаронца Яўгенія Бабаева.
"Вясна" падкрэслівае, што "пераследуе выключна легітымныя мэты і ажыццяўляе мірную дзейнасць па абароне правоў чалавека і асноўных свабод у Беларусі". А яны гарантаваныя і Канстытуцыяй краіны, і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека. "Любы ціск і пераслед сябраў нашай арганізацыі за ажыццяўленне такой дзейнасці з'яўляецца палітычна матываваным пераследам, які мае на мэце знішчэнне нашай арганізацыі і ў цэлым — свабоды асацыяцый у Беларусі", — гаворыцца ў заяве.
Праваабарончая арганізацыя патрабуе спыніць рэпрэсіі, вызваліць затрыманых, а таксама палітвязняў. "Мы выказваем рашучы пратэст з нагоды чарговай хвалі рэпрэсій у дачыненні да сябраў арганізацыі і супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі ў цэлым і заяўляем, што не спынім сваёй праваабарончай дзейнасці", — гаворыцца ў заяве.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.