Беларусу, абвінавачанаму ў падрыве цягнікоў на БАМе, падоўжылі тэрмін арышту
Сяргей Ерамееў
Да 30 ліпеня падоўжыў Басманны суд Масквы тэрмін арышту грамадзяніна Беларусі Сяргея Ерамеева, паведамляе тэлеграм-канал праваабарончага фонду "Краіна для жыцця".
Нашага суайчынніка падазраюць у падрыве цягнікоў на БАМе. Выбухі адбыліся 29 і 30 лістапада, перакрыўшы Паўночнамуйскі тунэль БАМа.
Пра затрыманне 52-гадовага беларуса ў Омскай вобласці стала вядома 7 снежня 2023-га. ФСБ сцвярджае, быццам ён прызнаўся ў падрыве цягнікоў, якія ўчыніў па заданні грамадзяніна Беларусі, "які пражывае ў Літве і дзейнічае пад кантролем украінскіх спецслужбаў".
Ерамееў — былы супрацоўнік нафтаперапрацоўчага завода "Нафтан" у Наваполацку, удзельнік страйку ў 2020 годзе. Апошнія гады, як паведамлялася, ён жыў і працаваў у Расіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.