"Стараўся ўсё вырашаць мірна" — пра беларуса, абвінавачанага ў выбухах на БАМе
Сяргей Ерамееў у судзе
Беларус Сяргей Ерамееў, якога вінавацяць у падрыве цягнікоў на БАМе, заўжды спрабаваў развязаць канфлікты мірным шляхам. Пра гэта ў інтэрв'ю "Зеркалу" расказаў яго былы калега па працы на "Нафтане".
"Сяргей стараўся ўсё вырашаць мірным шляхам. Можа быць, ужо надакучыла, што нічога не вырашаецца... Абмяркоўвалі гэта з іншымі нашымі знаёмымі. Вельмі шмат людзей не вераць дагэтуль, што гэта ён. Думаюць, гэта нейкая падстава ці нешта яшчэ. Але на відэа, хай там і зафарбаваны твар, я яго адразу пазнаў", — кажа мужчына.
Ён дадае, што пазнаёміўся з Ерамеевым у 2020 годзе ў Беларускім незалежным прафсаюзе на "Нафтане". Ерамееў быў прыбарыстам і ў лістападзе далучыўся да агульнанацыянальнага страйку.
Знаёмы кажа, што Ерамееў быў вельмі некафліктны: "Гэта самы добры чалавек з тых, каго я сустракаў. Калі былі нейкія канфлікты ці нешта яшчэ, ён ніколі ні да каго не прымыкаў. Наадварот, спрабаваў усіх памірыць. Вельмі спагадны, увесь час дапамагаў. Ён адзін з найлепшых механікаў у Наваполацку. Добра разбіраецца ў рухавіках і наогул ва ўсіх механізмах аўтамабіляў".
Пасля страйку і Ерамеева, і ягонага знаёмага звольнілі. Пры гэтым Сяргей застаўся ў Беларусі, а ягоны знаёмы з'ехаў за мяжу. Мужчыны стэлефаноўваліся прыкладна раз на месяц. Апошняе тэлефанаванне было сёлета ў сярэдзіне кастрычніка. Па словах мужчыны, Ерамееў на той момант быў у Беларусі.
"Хоць колькі разоў я яго прасіў з'ехаць... Гэта я казаў не толькі яму, але і ўсім, хто хоць трошкі засвяціўся ў 2020-м. Але ён сцвярджаў, што не збіраецца з'язджаць, што трэба хоць камусьці заставацца, змагацца, адукоўваць людзей. Ён кантактаваў з беларусамі, распавядаў, як усё ідзе насамрэч, калі чалавек раптам далёкі ад гэтага. Мабыць, лічыў, што падрыхтоўвае глебу да будучыні", — згадвае былы нафтанавец.
Па яго словах, Ерамееў мяняў адрасы жыхарства і нумары тэлефонаў, каб да яго не дабраліся сілавікі за актыўнасць у 2020-м.
Як Ерамееў апынуўся ў Расіі і ці сапраўды ён выніваты ў падрыве цягнікоў, экс-нафтанавец не ведае. Але мужчына кажа, што мае некалькіх знаёмых, пра якіх ніколі б не падумаў, што яны пойдуць на фронт. А цяпер яны ваююць за Украіну.
Як паведамлялася раней, 29 і 30 лістапада ў чыгуначным тунэлі на БАМе адбыліся падрывы цягнікоў з палівам. Гэта адзіны чыгуначны шлях, па якім у Расію ідуць тавары з Кітая. 7 снежня ФСБ заявіла, што ў Омску за падрыў цягнікоў затрымалі беларуса Сяргея Ерамеева, які нібыта дзейнічаў "у інтарэсах украінскіх спецслужбаў". 11 снежня з'явіліся звесткі, што Ерамеева этапуюць у Іркуцк.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.