Беларусы за год набралі крэдытаў амаль у паўтара разу больш, чым у 2022-м
У банку, ілюстрацыйнае фота
Летась банкі выдалі жыхарам краіны крэдытаў на суму больш як 13 млрд рублёў. Ільвіную долю складаюць спажывецкія крэдыты — 10,46 млрд рублёў. І гэта на 43,5% больш, чым у 2022 годзе. Яшчэ прыкметней — на 63, 4% — вырас аб'ём крэдытавання нерухомасці. На гэтыя мэты фізічным асобам выдалі 2,7 млрд рублёў. Такую статыстыку прыводзіць Нацбанк.
З улікам крэдытаў, выдадзеных у мінулыя гады, запазычанасць беларусаў перад банкамі па крэдытах на 1 студзеня 2024 года склала 20,5 млрд рублёў. Гэта больш на 3,5 млрд рублёў (або на 20,8%), чым было на 1 студзеня 2023 года.
Пры гэтым пратэрмінаваная запазычанасць фізічных асоб перад банкамі застаецца невялікай. На 1 студзеня гэты паказчык складаў 33,2 млн рублёў. І гэта менш (на 4,2 млн рублёў), чым год таму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.