Белавус: На заяўку на канцэрт 25 сакавіка абяцалі адказаць цягам пяці дзён
Адказ з Мінгарвыканкама на заяўку пра мітынг і канцэрт бузде дадзены на працягу пяці дзён. Такое абяцанне далі чыноўнікі Мінгарвыканкама, паведаміў на прэс-канферэнцыі 28 лютага Павел Белавус.
Па яго словах, заяўка на шэсце пададзеная асобным дакументам. У Мінгарвыканкаме патлумачылі, што яе будуць разглядаць даўжэй, бо патрабуецца ўзгадненне з Адміністрацыяй прэзідэнта. Белавус папрасіў прыхільнікаў шэсця пачакаць: адказ на яе можа быць пазней — магчыма, за пяць дзён да акцыі.
Кіраўнік руху "За свабоду" Юрый Губарэвіч падкрэсліў, што арганізатары хочуць арганізаваць свята, а не пратэсты.
У сваю чаргу старшыня АГП Анатоль Лябедзька паведаміў, што ў апазіцыйных структураў ёсць два планы дзеяння на 25 сакавіка. "План А — Свята Волі, план Б — пратэст, калі не дадуць правесці Свята Волі", — патлумачыў ён.
Павел Белавус дадаў, што пляцоўка мітынгу і канцэрту будзе агароджаная. Чыноўнікі завілі, што гэтага патрабуюць правілы бяспекі на масавых мерапрыемствах. У якасці прыкладу чыноўнікі згадалі хлопца з бензапілой, які ўчыніў разню ў мінскім гандлёвым цэнтры. Таму збор удзельнікаў запланаваны з 13.00 да 14.00.