"Белкніга" склала спіс бэстсэлераў-2018
"Дзіцячы атлас Беларусі" стаў лідарам па продажах беларускамоўнай літаратуры ў гандлёвай сетцы "Белкніга". За студзень-лістапад 2018 года кнігарні гэтай сеткі прадалі 636 асобнікаў гэтай кнігі па ўсёй краіне, піша "Звязда".
"Белкніга" склала рэйтынг продажу выданняў па-беларуску за студзень- лістапад. Гэтая сетка мае больш за 100 кнігарняў па ўсёй краіне.
Другое месца ў рэйтынгу заняло выданне "Гэта Беларусь, дзетка!" — прададзена 493 асобнікі. Таксама вяршыню рэйтынгу займаюць раман "Ноч" Віктара Марціновіча, зборнік "Беларускія казкі" і "Дзікае паляванне караля Стаха" Уладзіміра Караткевіча. Агулам у рэйтынг продажаў трапілі чатыры кнігі Караткевіча: акрамя "Дзікага палявання" ў яго трапілі "Каласы пад сярпом тваім", "Чорны замак Альшанскі" і "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". (Па лічбах: у "Дзікага палявання караля Стаха" знайшлося 288 пакупнікоў, а ў рамана "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" — толькі 42.)
Агулам у рэйтынг увайшлі 45 кніг з дыяпазонам продажаў ад 636 да 28 асобнікаў.