Без намёкаў. Як у хакейным чэмпіянаце гулялі ўсяго два клубы

Без намёкаў. Як у хакейным чэмпіянаце гулялі ўсяго два клубы

“Прагрэсіўныя” рашэнні спартыўных функцыянераў прывялі да таго, што ў чэмпіянаце па хакеі адной еўрапейскай краіны гулялі ўсяго дзве каманды.

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае гісторыю нацыянальнага дэрбі ў ГДР. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю і яе хаўруснікамі выпадковыя.

Як так адбылося?

Напачатку ў ГДР з хакеем было ўсё добра: у галоўнай лізе краіны з пераменным поспехам гулялі да сямі камандаў. Так бы ўсё і працягвалася, але ў 1966-м стала вядома, што летнюю Алімпіяду 1972 года прыме заходні Мюнхен. Улады Усходняй Германіі ўспрынялі гэта як выклік: трэба паказаць усяму свету перавагу над Заходняй Германіяй, ці, калі хочаце, — сацыялістычнага ладу над капіталістычным.

Падрыхтоўка прывяла да пераломнага рашэння: у красавіку 1969 года элітныя віды спорту разбілі на дзве групы. Крытэр быў адзіны: колькасць патэнцыйных медалёў на Алімпіядзе. Логіка простая: 25 лёгкаатлетаў прынясуць больш медалёў, чым 25 хакеістаў. Тым больш што на летняй Алімпіядзе хакея няма.  

Выключэннем сярод камандных відаў спорту стаў футбол — усё ж традыцыйны від спорту Германіі. А вось хакею не пашанцавала. 

Без намёкаў. Як у хакейным чэмпіянаце гулялі ўсяго два клубы

Пазіцыю, якая гучала як прысуд, наконт “немэтазгоднага віду спорту” тады выказаў сакратар па пытаннях спорту Рудольф Гельман: “Для пабудовы сацыялізму мы вымушаныя лічыць кожную марку. Але на падтрымку хакея за год спатрэбіцца столькі ж, колькі на куплю двух рыбалоўных траўлераў. Дазвольце пацікавіцца, таварышы спартсмены, што ж для нас важней: хакей ці караблі з рыбай?” 

Пасля такой заявы хакей можна было б пахаваць. Але ў справу ўмяшаўся Эрых Мільке, кіраўнік “Штазі” і мясцовай спартыўнай супольнасці "Дынама".

Пра тое, як Мільке цягнуў сваю футбольную каманду “Дынама-Берлін”, мы распавядалі ў асобным матэрыяле. 

Галоўны спецслужбовец ГДР “заняўся” і хакеем. Ён выбіў умову: прафесійны статут захоўваюць хакейныя клубы, якія будуць прымацаваныя да сілавых ведамстваў. Так на ўсю лігу засталося толькі два клубы: “Дынама” з Берліна і “Дынама” з Вайсвасэра, маленькага горада непадалёк ад мяжы з Польшчай. У апошнія гады яшчэ паўнавартаснай Оберлігі гэтыя каманды вырвалiся ў відавочныя лідары, але цяпер біцца ім давялося адзін на адзін. Менавіта так яны згулялі 20 чэмпіянатаў — з 1970-га да 1990 года.

Негалівудская гісторыя

Гэтае нацыянальнае дэрбі не стала галівудскім супрацьстаяннем. Сучаснікі яго згадваюць як найбольш нуднае спартовае відовішча ў ГДР. Гульцам гадамі даводзілася гуляць адзін з адным, а гледачам за гэтым назіраць. У другой палове 80-х арганізатары западозрылі, што ўсё гэта сумнавата, і змянілі фармат: для перамогі трэба было выйграць дзве серыі матчаў, а пазней і тры.

Напачатку каманда з Вайсвасэра трымала марку “дзёрзкіх правінцыялаў”, якія давалі жару “сталічным”. Першыя пяць тытулаў пайшлі ім, але потым становішча выраўнялася, а пасля Берлін пайшоў у адрыў. Усяго за гэтыя 20 гадоў Берлін выйграў 12 чэмпіянатаў, Вайсвасэр — 8.

Без намёкаў. Як у хакейным чэмпіянаце гулялі ўсяго два клубы

Былі і спробы міжнародных спаборніцтваў, але вылучыцца ні ў адной каманды там не атрымалася. І каб не ганьбіць сацыялістычны лад яшчэ больш, гэтыя камандзіроўкі прыкрылі. 

Гісторыя самай маленькай хакейнай лігі ў свеце скончылася з развалам Берлінскай сцяны. Абодва “Дынама” заявіліся ў першую Бундэслігу і змянілі назвы. “Дынама” з Вайсвасэра стала "Лісамі", і гуляюць яны ў другім дывізіёне. Берлінцы сталі "Палярнымі мядзведзямі" (Eisbären Berlin) і маюць больш дасягненняў: сем разоў станавіліся чэмпіёнамі Германіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі