Рэжым прэсуе спартсменаў, а МАК хоча аслабіць санкцыі. Што за лухта?
Спартсмены з народам / Еўрарадыё
“Пытанне не ў тым, што ідзе крывавая вайна, а ў тым, што і Беларусь, і Расія вельмі жорстка парушылі Алімпійскую хартыю”, — кажа выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін.
У гутарцы з Еўрарадыё суразмоўца распавядае, чаму нельга неразважліва здымаць санкцыі з беларускіх і расійскіх спартсменаў і дапускаць іх да ўдзелу ў міжнародных спаборніцтвах. Ініцыятыва дазволу належыць Міжнароднаму алімпійскаму камітэту (МАК) і падчас баёў ва Украіне і рэпрэсій ў Беларусі выклікае не толькі здзіўленне, але і крытыку і спрэчкі. У арганізацыі настойваюць на сваім: “Ні аднаму спартсмену нельга перашкаджаць у спаборніцтвах толькі праз яго пашпарт”.
Аляксандр Апейкін: Гэтае рашэнне МАК даволі непрадуманае, і ў яго адразу закладаюцца сур’ёзныя канфлікты. У любым выпадку, сітуацыя можа быць разгледжаная толькі тады, калі раптам у найбліжэйшыя часы вайна скончыцца і будуць падпісаныя нейкія мірныя пагадненні.
МАК разважае на перспектыву, што вайна ў 2023 годзе скончыцца, таму гэта такое рашэнне наперад. Але трэба разумець, што да Алімпійскіх гульняў яшчэ шмат часу.
Усё можа кардынальна змяніцца.
Але, натуральна, калі мы абапіраемся на сённяшнюю сітуацыю, усіх абурае, што спартсмены з Беларусі і Расіі могуць быць дапушчаныя да спаборніцтваў.
Беларусь парушае Алімпійскую хартыю пачынаючы з 2020 года. Лагічнае пытанне: ці не з’яўляецца допуск да спаборніцтваў сур’ёзным паслабленнем для беларускіх і расійскіх спартсменаў? Ці не з’яўляюцца такія рашэнні крокам назад і працай расійских лабістаў, бо з майго пункту гледжання, так і ёсць.
Мы ведаем, што спорт для дыктатарскіх рэжымаў Расіі і Беларусі — важная, так бы мовіць, цацка. Таму цалкам відавочна, што ў гэтым кірунку рабіліся пэўныя намаганні.
Еўрарадыё: Мы ўсе хочам, каб вайна хутчэй скончылася, але нават калі яна скончыцца — гэта не азначае, што ўсё адразу стане добра. Спатрэбіцца час, каб Лукашэнка і яго світа адказалі за гвалт і рэпрэсіі.
Зміцер Навоша піша, што дапускаць спартсменаў трэба пры пэўных умовах. Якімі маглі б яны быць?
Аляксандр Апейкін: Мы будзем працаваць з Міжнародным алімпійскім камітэтам і іншымі еўрапейскімі партнёрамі, каб МАК зрабіў больш жорсткімі крытэрыі магчымасцяў удзелу ў спаборніцтвах. Бо на сёння МАК дапускае спартсменаў, якія нібыта ўстрымаліся ад меркавання наконт палітычных падзей, не дапускае толькі тых, хто актыўна падтрымаў вайну. Такіх спартсменаў, якія адкрыта падтрымалі вайну, у Беларусі не так і шмат. У Расіі — трохі болей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.