Без намёкаў. Як Штазі дапамагала берлінскаму “Дынама” гуляць не па правілах
Умяшанне дзяржавы ў футбольную сферу, сілавік кіруе спартыўным клубам, нянавісць заўзятараў. Не, гэта не чарговы тэкст пра пакуты беларускага футбола.
Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае гісторыю берлінскага “Дынама”, самага скандальнага футбольнага клуба часоў ГДР. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя.
Двум “Дынама” тут не месца
Усё пачалося ў 1953 годзе, калі ў ГДР стварылі спартовае аб’яднанне, якое будзе прадстаўляць паліцыю і органы дзяржбяспекі. Вынаходзіць ровар не сталі і па прыкладзе СССР назвалі яго “Дынама”.
Праз год спартыўныя чыноўнікі вырашылі, што найвышэйшай футбольнай лізе патрэбны сталічны клуб, што будзе прадстаўляць контрвыведку Штазі (тагачасны аналаг савецкага КДБ). Так з’явілася берлінскае “Дынама”. Нікога нават не збянтэжыў той факт, што ў Дрэздэне ўжо была каманда з такой назвай, якая належала таму самаму спартоваму аб’яднанню.
У сучаснай Беларусі і мінскае, і брэсцкае “Дынама” могуць суіснаваць разам, але ў ГДР, відаць, камусьці такі варыянт не спадабаўся. “Дрэздэнцаў” пасунулі лігай ніжэй, іх месца ў оберлізе заняла акурат каманда са сталіцы.
Першы хэйт да берлінскага клуба прыляцеў ужо тады: і ад заўзятараў дрэздэнскага “Дынама”, і ад усіх астатніх камандаў. Стала зразумела, што на поле выходзіць каманда з моцным заступнікам і гуляць па правілах яна не будзе.
У дрэздэнскага “Дынама” адбяруць не толькі месца ў лізе: у 1962 годзе ўвесь склад перавязуць у сталіцу, каб узмацніць аднайменны клуб. Ні ў каманды, ні ў кіраўніцтва дазволу на гэта не спытаюць.
Штазі сказала: трэба
Галоўным заўзятарам і фактычна кіраўніком клуба быў Эрых Мільке — міністр дзяржбяспекі ГДР. І ён не проста наведваў трыбуны, але і выкарыстоўваў усе магчымыя сродкі, каб уплываць на гульню на полі.
Выдаленні ключавых гульцоў перад матчам са сталічным “Дынама”, бясконцы дадатковы час для дасягнення патрэбнага выніку, галы з афсайдаў, ліпавыя пенальці і штрафныя — усе гэтыя рашэнні суддзяў спісваюць на “просьбы” Мільке. Спрэчных эпізодаў усходненямецкія футбольныя заўзятары могуць прыгадаць сотні.
Адміністрацыйны рэсурс таксама не прастойваў: агенты дзяржбяспекі “падпрацоўвалі” яшчэ і футбольнымі агентамі. Па ўсёй ГДР яны шукалі перспектыўных гульцоў у іншых камандах, каб пераманіць у “тытульны клуб”. Ні пра які фінансавы трансфер гаворкі не ішло. Штазі сказала: трэба!
Усе ненавідзяць “адзінаццаць свінняў Штазі”
Усе пералічаныя захады дапамаглі “Дынама” выйграць 10 чэмпіёнскіх тытулаў запар. Нахабнасць неспартыўных паводзінаў заходзіла ўсё далей і далей.
Адной з апошніх кропляў беззаконня стаў матч з “Лакаматывам” з Лейпцыга ў 1986 годзе. “Чыгуначнікі” вялі з лікам 1:0, але на 94-й хвіліне арбітр паставіў у іх вароты вельмі спрэчны пенальці. Абурэнне было настолькі маштабным, што тут ужо не дапамагло і заступніцтва Мільке. У выніку суддзя атрымаў пажыццёвую дыскваліфікацыю, а федэрацыя была вымушаная поўнасцю распусціць судзейскі камітэт.
Каманду называлі не іначай як “адзінаццаць свінняў Штазі”. Заўзятараў ГДР аб’яднала не столькі любоў да футбола, колькі нянавісць да аднаго канкрэтнага клуба.
Нягледзячы на тое, што “Дынама” лідзіраваў на радзіме, на знешняй арэне ганарыцца яму не было чым. Яны дайшлі да фіналу Кубка Кубкаў у сезоне 1971/72, але іх абыграла маскоўскае “Дынама”. Большых дасягненняў на еўрапейкіх кубках не было. Рука Мільке не магла дацягнуцца да суддзяў па-за межамі ГДР.
Берлінскае “Дынама” рухнула следам за Берлінскай сцяной
“Цуд” берлінскай каманды скончыўся з развалам Берлінскай сцяны і аб’яднаннем Германіі. Знікла Штазі, а з ім і заступніцтва за сваю каманду. Ад “Дынама” адвярнуліся спонсары, і клуб апынуўся на мяжы банкруцтва.
У 1992 годзе Эрых Мільке паўстаў перад судом за забойствы 61-гадовай даўніны. Ён апынуўся ў турме, а пасля выхаду на волю ў 1995 годзе ціхенька дажываў у сваёй маленькай берлінскай кватэры. У 2000 годзе памёр у доме састарэлых.
Следам за Мільке ледзь не сканала і ягонае дзецішча. Але дапамаглі фінансава толькі заўзятары. Цяпер клуб знаходзіцца ў рэгіянальнай лізе — гэта 2-я аматарская ліга Германіі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.