Без намёкаў. Як у нацысцкай Германіі пераследавалі гомасексуалаў
Хоць у “Майн Кампфе” Адольфа Гітлера не было ні слова пра гомасексуалаў, барацьба з “распустай паміж мужчынамі” ў нацысцкай Германіі прыняла сістэматычны характар. Усё пачыналася з ідэалагічнага знішчэння субкультуры, а скончылася — фізічным у канцлагерах.
Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” прыгадвае, як у Трэцім рэйху пераследавалі людзей за іх інтымнае жыццё. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя.
Што не так з аднаполымі адносінамі? Версія нацыстаў
Для ўсіх сваіх антычалавечных ідэй нацысты знаходзілі адпаведную тэорыю. Барацьба з гомасексуаламі таксама не тлумачылася банальнай гамафобіяй. Па-першае, аднаполыя адносіны разам з абортамі разглядаліся як пагроза ўзнаўленню “арыйскай расы”. Па-другое, такія стасункі не ўпісваліся ў нацысцкую ідэалогію, дзе любая праява сексуальнасці па-за межамі “арыйскага шлюбу” лічылася варожай.
Дыктатару не падабаецца — трэба выкараніць
У студзені 1933 года Адольф Гітлер прыходзіць да ўлады. Ён адразу ж пачынае рэалізацыю праграмы па “адраджэнні нямецкай нацыі”. У змаганні за “традыцыйныя каштоўнасці” ўжо ў наступным месяцы выдаюцца ўказы аб закрыцці “амаральных” устаноў. Пад каток трапляюць “месцы сустрэч, дзе людзі аддаюцца ненатуральнай распусце і прастытуцыі”. Да сакавіка былі закрытыя ўсе гей-бары краіны.
У лютым таксама з’явіўся ўказ і аб забароне “брудных часопісаў”. Такімі палічылі не толькі парнаграфічную літаратуру, але і навуковую, звязаную с тэмай сексу. У прыватнасці, пад забарону трапілі ўсе працы першага даследчыка чалавечай сексуальнасці Магнуса Хіршфельда.
6 траўня студэнты на чале са штурмавымі атрадамі СА ўварваліся ў Інстытут сексуальных навук у Берліне, заснаваны Хіршфельдам, і канфіскавалі яго ўнікальную бібліятэку. Праз чатыры дні 12 000 кніг і 35 000 фатаграфій з гэтай калекцыі былі спаленыя ў цэнтры Берліна разам з іншымі “дэгенератыўнымі” творамі.
Сыход гомасексуалаў у падполле не выратаваў іх ад пераследу. У 1934 годзе гестапа даручыла мясцовай паліцыі весці так званы “ружовы спіс”. У яго ўваходзілі “ўсе мужчыны, якія займаюцца гомасексуальнай дзейнасцю”.
Параграф 175
Для барацьбы з “ненатуральнай распустай” з юрыдычнага пункту гледжання Трэцяму рэйху нават не прыйшлося нічога выдумляць. У Германіі з 1871-га дзейнічаў параграф 175 — антыгомасексуальнае палажэнне Крымінальнага кодэкса.
Аднак у 1935 годзе Міністэрства юстыцыі ўнесла змены ў гэты артыкул, якія стварылі прававую аснову для пашырэння пераследаў. Калі раней адказнасць была непасрэдна за палавы акт, то пасля рэформы Крымінальнага кодэкса фізічны кантакт ужо не патрабаваўся. Заключэнню падлягалі мужчыны, якія былі проста западозраныя ў гомасексуальных адносінах. Затрымаць маглі за пацалунак ці нават “юрлівы погляд”!
Жанчынам лесбіянства прабачалі
“Женщинам лесбиянство я прощаю, но мужикам голубизну — никогда в жизни”, — сказаў некалі Аляксандр Лукашэнка.
Нагадаем, што гэта рубрыка “Без намёкаў”, але аналагічнае стаўленне да лесбіянак было і ў нацысцкай Германіі. Яны не падвяргаліся сістэматычнаму пераследу, бо, на думку нацыстаў, не ўяўлялі сур'ёзнай пагрозы для грамадства. На жанчын увогуле не распаўсюджваўся параграф 175. Крыху крывадушна, бо лесбіянкі, як геі, таксама не ўдзельнічалі ў “папаўненні генафонду арыйскай расы”.
Дзікае паляванне Ёзэфа Мейзінгера
Другая палова 1930-х — пік нацысцкага пераследу гамасексуалаў. У 1936 годзе рэйхсфюрар СС Генрых Гімлер сфармаваў у Паліцыі бяспекі Цэнтральнае бюро па барацьбе з гомасексуальнасцю і абортамі. Кіраваў новым бюро Ёзэф Мейзінгер, якога ў 1947 годзе прысудзяць да смяротнага пакарання за асаблівую жорсткасць.
У 1938-м гестапа выдала дырэктыву аб тым, што мужчыны, асуджаныя за гомасексуальнасць, могуць заключацца ў канцэнтрацыйныя лагеры.
З 1933 да 1945 года паліцыя па параграфе 175 арыштавала прыкладна 100 000 ”злачынцаў”. Большасць з 50 000 чалавек, якіх асудзілі на рэальны тэрмін, адбывалі пакаранне ў звычайных турмах, а ад 5000 да 15 000 — у канцлагерах.
Ружовыя трыкутнікі
У канцлагерах гомасексуалаў выдзялялі ружовымі трыкутнікамі на робах. У лагернай сацыяльнай іерархіі яны траплялі ў адну з самых нізкіх груп, таму з імі жорстка абыходзіліся не толькі ахоўнікі і адміністрацыя, але і іншыя зняволеныя.
Дзеля выжывання некаторыя з вязняў па 175-м артыкуле пагаджаліся на кастрацыю, якую асобныя супрацоўнікі сістэмы правасуддзя лічылі спосабам “лячэння ад гомасексуальнасці”. На такі крок яны ішлі, каб атрымаць менш суровыя прысуды.
Аднак пазней кіраўніцтва ў лагерах магло выносіць загад аб кастрацыі і без згоды асуджанага. Такія “спосабы лячэння” толькі правакавалі хваробы з лятальным канцом.
Дакладна невядома, колькі гомасексуалаў загінула ў канцлагерах. Нямецкі гісторык і сацыёлаг Рудыгер Лаўтман сцвярджае, што ўзровень смяротнасці асуджаных па 175-м параграфе ў лагерах быў самы высокі: ён даходзіў да 60%. Для параўнання: узровень смяротнасці сярод палітвязняў — 41%.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.