Бізнесовец Ізраілевіч дапускае, што ў Курапатах стралялі і тых, "каго і трэба"
Бізнесовец Аркадзь Ізраілевіч даў скандальнае інтэрв'ю "Белгазеце". Як вядома, 10 верасня ён прайграў суд — падаваў іск да газеты "Новы час" і журналіста Дзяніса Івашына аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Выданне сцвярджала, што кампанія Ізраілевіча ТАА "ІВ" з'яўляецца бенефіцыярам будаўніцтва скандальна вядомай рэстарацыі "Поедем поедим" у Курапатах каля народнага мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсій. Ізраілевіч заявіў, што гэта няпраўда і хацеў, каб з'явілася абвяржэнне.
У інтэрв'ю Ізраілевіч прайшоўся па абаронцах Курапатаў, якія пратэстуюць супраць дзейнасці рэстарана. Ён лічыць, што калі межы ахоўных зонаў і былі парушаныя, дык праблему можна было б вырашыць цывілізаваным шляхам. Да таго ж бізнесоўца абураюць "двайныя стандарты": рэстаран каля Курапатаў нельга, а гасцініца з рэстаранамі каля мемарыялу "Яма" можна (ён якраз жыве ў тым раёне).
"Чаму яны ўчапіліся ў Курапаты? — гаворыць Аркадзь Ізраілевіч. — А чаму яны не пікетуюць КДБ, каб той рассакрэціў дакументы пра тое, хто расстраляны ў Курапатах? Я не хачу блюнерыць, але можа быць там былі і тыя, каго і трэба было расстраляць?".
Мемарыял "Яма" знаходзіцца па вуліцы Мельнікайтэ ў Мінску, ён прысвечаны ахвярам Халакосту. У 1942-м нацысты там расстралялі 5000 чалавек з мінскага гета. У Курапатах савецкімі карнымі органамі былі расстраляныя і пахаваныя дзясяткі тысяч чалавек, асуджаных на смерць падчас сталінскага тэрору. Сярод іх — найлепшыя беларускія паэты і пісьменнікі.