Блогера, асуджанага па "справе Ціханоўскага", будуць зноў судзіць

Уладзімір Цыгановіч

Уладзімір Цыгановіч / "Белсат"

За "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі" зноў будуць судзіць блогера Уладзіміра Цыгановіча, аўтара Youtube-канала "MozgON", паведамляюць праваабаронцы "Вясны".

Цыгановіч быў асуджаны на 16 гадоў па "справе Ціханоўскага". Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Тры месяцы таму 43-гадовага Цыгановіча перавялі ў новую калонію пасля апошняга прысуду — у красавіку яму прызначылі яшчэ адзін год зняволення. За гэты час адміністрацыя ваўкавыскай калоніі №11 пачала на яго другую запар крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі).

Палітвязню могуць дадаць да папярэдняга прысуду яшчэ два гады зняволення. Суд над ім пачнецца 30 лістапада ў Ваўкавыску.

Таксама яшчэ адзін суд чакае экс-палітвязня Аляксандра Плескацэвіча, якога ў снежні 2021-га асудзілі на два гады "хіміі" за надпіс на слупе "Света, я вас кахаю".

Ён выйшаў на волю ў лютым 2023-га. Пасля вызвалення Плескацэвіча затрымалі па адміністрацыйнай справе і прысудзілі яму 10 сутак. Мужчыну абвінавачцілі ў тым, што "ў нявызначаны час з 16 па 27 лютага нанёс на 7 вокнаў і рог фасада дома бела-чырвона-белую сімволіку".

Цяпер стала вядома, што яго затрымалі па новай крымінальнай справе. Плескацэвіча вінавацяць у "рэабілітацыі нацызму" (ч. 1 арт. 130-1 КК) і "хуліганстве" (ч.2 арт. 339 КК). Справу будуць разглядаць у Брэсцкім абласным судзе 28 лістапада. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі