БРСМ хоча правесці свой "Дзень вышыванкі"
Сёлета ў ліпені Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ) сумесна з Мінгарвыканкамам і Міністэрствам культуры плануюць правесці свята "Дзень вышыванкі". Адпаведны пункт ёсць у плане мерапрыемстваў Года культуры, зацверджаным пастановай Саўміна №51.
Між тым фэст нацыянальнай культуры "Дзень вышыванкі" ўжо ёсць. Яго канцэпцыю і фармат распрацаваў Мікіта Броўка, каардынатар "Арт Сядзібы" — некамерцыйнай арганізацыі, якая займаецца папулярызацыяй беларускай культуры. Першыя два "Дні вышыванкі" з вялікім поспехам прайшлі ў кастрычніку і снежні 2014 года ў Мінску менавіта пад эгідай "Арт Сядзібы" і Асамблеі НДА.
У каментары агенцтву БелаПАН Броўка паведаміў, што ніхто з дзяржаўных органаў або рэспубліканскіх грамадскіх аб'яднанняў не звяртаўся да "Арт Сядзібы" з прапановай разам правесці "Дзень вышыванкі". На думку Броўкі, было б справядліва прапанаваць ім партнёрства, калі дзяржава збіраецца выкарыстоўваць іх ідэю, фармат і назву.
Дарэчы, сёлета "Арт Сядзiба" плануе правесці чарговы "Дзень вышыванкі". Актывісты не збіраюцца мяняць назву з-за намераў дзяржавы правесці такую ж імпрэзу.
Каментар у БРСМ наконт "Дня вышыванкі" журналістам Еўрарадыё ўзяць не ўдалося. Супрацоўнікі арганізацыі паведамілі, што каментаваць можа прэс-служба, "але там цяпер усе ў адгулах".