Бяляцкі: З калоніі на вакзал мяне вывозілі на машыне хуткай дапамогі

Нечакана для ўсіх сяброў і паплечнікаў, нечакана для самога Алеся Бяляцкага 21 чэрвеня вядомы праваабаронца быў вызвалены і ў 15.05 электрычкай з Бабруйска дабраўся да Мінска. За кратамі ён правёў тры гады. А асуджаны быў да 4,5 гадоў зняволення.

На вакзале ў Мінску Алеся Бяляцкага сустракалі калегі-праваабаронцы, сябры, нешматлікія палітыкі, журналісты і чатыры АМАПаўцы, якія па парах стаялі ў розных канцах перона на станцыі “Інстытут Культуры”.

Абдымкі, усмешкі, слёзы радасці, кветкі. Воклічы: “Алесь! Я не веру!” — “А я што, веру?!” Да радасці ад сустрэчы з цяпер ужо былым палітвязнем дадалося і вясёлае здзіўленне ад яго новай прычоскі: Бяляцкі выйшаў з электрычкі цалкам паголены: ні валасоў, ні яго знакамітых вусоў. І стомлены. З гэтага ён і пачаў сваю размову з журналістамі.

Алесь Бяляцкі: Мне цяпер трэба трохи прыйсці ў сябе, памыцца, пераапрануцца нарэшце… Таму усім вялікі дзякуй! А я — хутчэй дадому! Трэба паглядзець, як там і што — усё ж такі тры гады не быў дома.

Наколькі неспадзяваным было ваша вызваленне?

Алесь Бяляцкі: Як я тры гады таму “заехаў” на Валадарку, гэта было 4 жніўня, а 15 жніўня пачалі вызваляць затрыманых на Плошчы Незалежнасці, то мне адразу сказалі сукамернікі: “Усё, пакуй і ты торбу — хутка таксама паедзеш дадому”. Ну, вось, фактычна, на торбах тры гады я і прасядзеў.

Як даўно ў вас такая прычоска?

Алесь Бяляцкі: А там яна самая папулярная — для усіх там адзін фасон!

Будзеце і надалей яе насіць?

Алесь Бяляцкі: Не ведаю пакуль, пагляджу.

Ці спадзяваліся вы без прыгод дабрацца да Мінска? Часам высаджваюць раней ці іншыя якія перашкоды ствараюць, каб толькі сустрэчы на вакзале не было…

Алесь Бяляцкі: Сама працэдура вызвалення была такая: мяне выклікалі а 9 раніцы, сказалі аб вызваленні, за гадзіну я сабраў рэчы, пасадзілі ў “хуткую дапамогу”, завезлі на вакзал, пасадзілі ў электрычку і адправілі.

Чаму ў “хуткую дапамогу”?

Алесь Бяляцкі: Не ведаю, пра гэта ў іх трэба пытацца! Але думаю, каб ніхто не здагадаўся!

Ці былі патрабаванні апошнім часам, каб напісалі прашэнне аб памілаванні, можа, нейкі ціск з боку адміністрацыі?

Алесь Бяляцкі: Апошнія месяцы з патрабаваннямі аб напісанні прашэння не падыходзілі. Наконт уціску — гэта асобная гісторыя… А ў прынцыпе, там усё робіцца інакш: апошні раз пытанне, буду я пісаць ці не, мне задавалі ў студзені. Тады я адмовіўся пісаць, сказаў: “Не!” Пасля гэтага такіх зваротаў не было. Але справа ў тым, што там усё пабудавана на недагаворках, усё там робіцца на ўзроўні паўтаноў. І, натуральна, пэўны ціск быў увесь час з тым, каб я, можа, усё ж напісаў. Але ў мяне пазіцыя была адназначная ад самага пачатку, так што…

Мы некалькі разоў спрабавалі даведацца, ці трапляеце вы пад сёлетнюю амністыю. А вы спрабавалі пралічыць такую магчымасць?

Алесь Бяляцкі: Не, я злосны парушальнік і таму я проста не мусіў пад яе патрапіць.

Якое апошняе парушэнне ў вас было?

Алесь Бяляцкі: Па шчырасці, апошняе нават ужо і не памятаю, але там было нешта зусім дробнае.

Ці сачылі вы за тым, што адбываецца ў краіне?

Алесь Бяляцкі: Так, па магчымасці даходзіла інфармацыя і з лістоў, і з газет.

І як вы ацэньваеце палітычную сітуацыю ў краіне?

Алесь Бяляцкі: Усё неяк вельмі… млява.

А што скажаце наконт украінскіх падзей?

Алесь Бяляцкі: Я ўвогуле вельмі сур’ёзна перажываю за розныя такія рэчы, што адбываюцца на волі. А падзеі ва Украіне былі маёй самай вялікай… трывогай, скажам так. Ад самага пачатку тых падзей, ад Майдана і да сённяшняга дня. Бывала, што прачынаешся сярод ночы і думаеш пра гэта. Насамрэч, гэта вельмі важна, але гэта доўгая размова…

Нагадаем, 4 жніўня 2011 года Алесь Бяляцкі быў арыштаваны па абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў(утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры, артыкул 243, частка 2 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь). 24 кастрычніка 2011 года ён быў асуджаны да 4,5 гадоў турмы за “ўтойванне прыбыткаў у буйным памеры”.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі