Былы ахоўнік Пуціна, які насіў за ім ядзерны чамадан, спрабаваў застрэліцца
Макет "ядзернага чамаданчыка" выстаўлены ў Ельцын-цэнтры / Фота Станіслава Казлоўскага
Былы ахоўнік Пуціна, які насіў за ім ядзерны чамаданчык, спрабаваў застрэліцца, піша брытанскае выданне Mirror.
Гаворка пра 53-гадовым палкоўніка ФСБ ў адстаўцы Аляксандра Зіміна. Цяпер ён у рэанімацыі. У бальніцу ён трапіў з агнястрэльным раненнем — палкоўніка знайшлі на кухні ў яго кватэры ў Краснагорску (Маскоўская вобласць). Яго жонка ў гэты час была ў ад'ездзе.
Брытанскае выданне сцвярджае, што Зімін знаходзіўся пад следствам — быў фігурантам справы аб атрыманні хабару. Пасля зыходу са службы аховы расійскага прэзідэнта ён працаваў на кіроўнай пасадзе ў мытных органах. Сваю віну ён адмаўляў. Тым не менш, суд адправіў яго пад хатні арышт на час расследавання.
Паводле звестак СМІ, сваю службу ў якасці ахоўніка прэзідэнта Зімін пачаў яшчэ пры Барысе Ельцыне. Журналісты мяркуюць, што ён адказваў за захаванне "ядзернага чамаданчыка", у якім знаходзіцца пускавая прылада для стратэгічных ракет.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.