Па словах Гараўскага, кіраваў групай Дзмітрый Паўлічэнка. Сам Паўлічэнка даў супярэчлівыя каментары. У адным выпадку казаў, што ведаў Гараўскага, але той не служыў у САХРы, ды пасля трапіў у турму, у іншым выпадку — што не памятае такога байца. Аднак з'явілася фота, на якім яны прысутнічаюць разам, а пасля і відэа 1999 года, на якім Юрыя Гараўскага паказалі, як байца Паўлічэнкі.
"Камень упаў з душы", — так пераказвае свае пачуцці Гараўскі пасля выхаду інтэрв'ю і фільма. Як вядома, ён спрабуе атрымаць прытулак у адной з краін ЕС, знаходзіцца ў інтэрнаце для ўцекачоў, чакае рашэння па сваёй справе. А вось для яго знаёмых гэтая скандальная гісторыя стала "як халодны душ".
Юрый Гараўскі прызнаецца, што не разумее, чаму Дзмітрый Паўлічэнка не прызнае, што яны былі знаёмыя і служылі разам. Ён адмаўляе, што п'янстваваў, сцвярджае, што да алкаголя адносіцца адмоўна. Па словах Гараўскага, не быў ён п'яны, калі трапіў у аўтакатастрофу ў Беларусі — ехаў на службовым аўтамабілі, калі на яго наляцела фура. Вынік — цяжкія траўмы, ён дагэтуль кепска ходзіць, праходзіць лячэнне. А пасля аварыі да яго ў бальніцу прыязджаў Паўлічэнка з галоўным лекарам шпіталя МУС, падчас лячэння ён быў пад кантролем "структуры зверху".
Юрый Гараўскі прызнае, што ў дачыненні яго была крымінальная справа, пра якую згадваў Дзмітрый Паўлічэнка. Паводле яго слоў, у першым інтэрв'ю ён вырашыў пра яе не згадваць. Гараўскі сцвярджае, што ён і Уладзімір Будзько выконвалі заданне Паўлічэнкі — паехалі дапамагчы яго знаёмым вярнуць доўг — 25 тысяч долараў. А ўсё скончылася абвінавачаннем у вымагальніцтве. Гараўскі атрымаў 4 гады "хіміі", а Будзько — тры гады.
"Прысуд быў вынесены ў 2001 годзе, — падкрэслівае былы баец спецатрада. — Пасля забойстваў".
Гараўскі кажа, што ў выкраданнях ён удзельнічаў як кантрактнік першай роты в/ч 3214. "Гэта значыць САХРа як такога [падчас выкрадання палітыкаў] яшчэ і не было, ён быў створаны заднім чыслом пасля ранення аднаго з байцоў, — расказвае ўцякач. — І мяне ў яго зачыслілі".
Гараўскі прызнаецца, што "стаў больш баяцца". "Я разумею, што знаходжуся тут пад абаронай, — кажа ён. — Але... я звязваюся са сваімі роднымі па тэлефоне, зразумела, што тэлефон мой ведаюць і ўжо ведаюць, дзе я знаходжуся".